Как можно получить рабочую профессию на курсах

Общество Экономика

Атрымаў рабочую спецыяльнасць на курсах

Яўген Зінкевіч з Бываліна некалькі гадоў “калясіў” па розных гарадах Беларусі і Расійскай Федэрацыі, дзе працаваў на будаўніцтве. У пачатку года задумаў прыпыніцца ў раёне, каб быць разам з сям’ёй.

Знаёмыя падказалі Яўгену, што для атрымання рабочай спецыяльнасці можна звярнуцца ва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Там яму дапамаглі. Выбраў прафесію механізатара, бацька ўсё жыццё адпрацаваў на трактары.

«У пачатку красавіка я паехаў на курсы ў пасёлак Акцябрскі, што ў Віцебскім раёне, – расказаў Яўген. – Мне бясплатна прадаставілі жыллё ў інтэрнаце. Жыў у пакоі адзін, ніхто не перашкаджаў рыхтавацца да заняткаў. Вучыцца было цікава. Практыку два з паловай месяца праходзіў у Мішневіцкім лясніцтве. Пасля рыхтаваўся да экзаменаў. Здаў з першага разу без адзінай памылкі. І ў кастрычніку ўжо ўладкаваўся механізатарам у Мікіціхінскае лясніцтва».

Яўген Зінкевіч працуе на МТЗ-82 з маніпулятарам, вывозіць з лесу на край поля бярвенні. «Я задаволены вучобай і тым, што атрымаў механізатарскія правы. Задаволены і работай», – кажа ён.

Якія спецыяльнасці можна атрымаць на курсах? Рабочых прафесій многа, карыстаюцца папулярнасцю курсы аператараў кацельні, механізатараў, вальшчыкаў, прадаўцоў, цырульнікаў, повараў, слесараў, токараў. У раёне сёлета на курсах «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці і бізнес-планавання» вывучылася жыхарка раёна, пасля атрымала дзяржаўную субсідыю і адкрыла сваю справу.

«Жадаючыя вучыцца ёсць і на наступны год, – расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Сямагіна. – Адзін жыхар раёна пажадаў атрымаць спецыяльнасць слесара-сантэхніка ці аператара кацельні, яшчэ адзін – электраманцёра ці аператара кацельні. Дзяўчына, якая зарэгістравана ў адной з вёсак раёна, а пражывае ў Віцебску, хоча вывучыцца на вадзіцеля трамвая. Усе заяўкі будуць задаволены. Грошы на вучобу выдзяляюцца са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *