БРСМ: АДКРЫТЫ ДЫЯЛОГ «Маўчаць нельга. Гаварыць»
У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музее райкам грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» правёў адкрыты дыялог «Маўчаць нельга. Гаварыць», у якім удзельнічалі мясцовая ўлада, прадстаўнікі працоўнай і вучнёўскай моладзі раёна, актывісты маладзёжнай арганізацыі.
У якасці спікераў у дыялогу бралі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, намеснік старшыні райвыканкама кіраўнік раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Шалахава. На размову былі запрошаны галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Алеся Шавяка і галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Павел Гусакоў. Вяла сустрэчу першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Бяляева.
“Сёння мы знаходзімся на парозе галоўнай палітычнай падзеі краіны – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таму сёння трэба гаварыць пра тое, што ад нас, моладзі, залежыць будучае краіны, што трэба мець актыўную грамадзянскую пазіцыю. Трэба гаварыць пра тое, што неабходна рабіць для добраўпарадкавання, стварэння працоўных месцаў і камфортнага жыцця ў рэгіёне і краіне”, – сказала Вікторыя Бяляева.
На што арыентавацца падчас выбару з прадстаўленых кандыдатаў? Як галасаваць: датэрмінова ці ў дзень галасавання? Адкуль браць інфармацыю пра выбары? Гэтыя і шмат іншых пытанняў цікавілі моладзь у ходзе гутаркі з кіраўніцтвам раёна.
«Большасць з прысутных карыстаецца інфармацыяй ў смартфонах, інтэрнэце, але не варта забываць і пра друкаваныя СМІ, – адзначыў Сяргей Галынчык. – У гэтай сітуацыі вельмі важна ўмець арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, фільтраваць інфармацыю, карыстацца рознымі крыніцамі, аддаваць перавагу аб’ектыўным, правераным, у першую чаргу дзяржаўным сродкам інфармацыі».
У ходзе размовы высветлілася, што практычна ўсе прысутныя маладыя людзі ведаюць і чытаюць раённую газету, карыстаюцца яе інтэрнэт-сайтам і акаўнтамі ў сацыяльных сетках, многіх арыентуюць у палітычнай сітуацыі бацькі. Маладым людзям нагадалі і пра інфармацыйную бяспеку, адказнасць за распаўсюджанне матэрыялаў экстрэмісцкага характару.
«Ці лёгка сумяшчаць службовыя і грамадскія абавязкі? Ці хапае часу на ўсё?» – некалькі пытанняў было да Ірыны Шалахавай. «Трэба быць актыўным і не шкадаваць часу і энергіі. Тады жыццё заўжды будзе цікавым», – адказала Ірына Іванаўна.
Падсумоўваючы размову, усе маладыя людзі адзначылі, што яны абавязкова будуць удзельнічаць у выбарах кіраўніка беларускай дзяржавы, бо разу меюць важнасць падзеі і сваю адказнасць за лёс краіны.
Павел Гусакоў нагадаў пра тое, што 2025 год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, а значыць кожны можа прыняць удзел у мерапрыемствах па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і ўпрыгожванні родных пасёлкаў і вёсак. Кіраўнік раёна заклікаў маладых людзей звяртацца з прапановамі і ініцыятывамі ў райвыканкам ці райкам БРСМ. Ад удзельнікаў сустрэчы прагучалі прапановы па канкрэтных аб’ектах у Шуміліне і Обалі. У прыватнасці, жыхары Брыкета прапанавалі стварыць у мікрараёне зялёную зону адпачынку, палепшыць інфраструктуру.
Алеся Шавяка расказала пра кадравы рэзерв райвыканкама: што гэта, для чаго вядзецца, як туды трапіць. А рэзерв вядзецца па 49 пасадах кіраўнікоў, у яго ўключаюцца ў тым ліку і маладыя спецыялісты, якія праяўляюць добрыя арганізацыйныя здольнасці, кандыдатуры падаюцца арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна.
У завяршэнне мерапрыемства Сяргей Галынчык і Мікалай Будневіч уручылі членскія білеты і значкі БРСМ новым членам маладзёжнай арганізацыі – вучням шумілінскіх школ Буракевіч Аляксандры і Піліпёнак Дар’і (СШ № 1), Дземянёвай Марыі, Калеснікавай Дар’і і Таргашынай Ульяне (СШ № 2). Яны пажадалі маладзёжным актывістам поспехаў у вучобе і грамадскай дзейнасці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.





