7 октября – День учителя. Интервью с завучем

Образование

Каб усё паспець, трэба ўмець выдзеліць галоўнае
Іна Аляксандраўна  Чарнічэнка ўжо гадоў пяць працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў Обальскай школе. У свой час дырэктар школы А. М. Штокін разгледзеў у маладым педагогу выдатныя арганізатарскія здольнасці, высокую працаздольнасць, уменне працаваць на вынік і не пабаяўся даверыць кіраванне вучэбным працэсам у школе менавіта ёй.  Сёння зразумела, што стаўка была зроблена правільна. Аляксандр Мікалаевіч не раз у гутарках заўважаў, што яго намеснік – сапраўдны прафесіянал.
Настаўнікам не трэба тлумачыць, а для тых, хто не дужа знаёмы з гэтай кухняй, адзначу, што пасада намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, ды яшчэ і ў такой вялікай школе вымушае да работы, літаральна,   у рэжыме нон-стоп. Шчыра прызнаюся, што я рашаюся патурбаваць Іну ў рабочы час званком ці візітам, толькі калі нагода для гэтага – ну, дужа важкая.  Размову з ёй па тэлефоне звычайна неабходна ўціснуць у адну хвіліну: паведаміць ці даведацца самае важнае і —  “прабач, некалі зусім, да пабачэння, потым пагутарым”.
У характары жанчыны-кіраўніка абавязкова павінны іграць і мужчынскія ноткі. Інакш нічога не атрымаецца, не справіцца чалавек з адказнасцю і нагрузкай. Вось і Іна да любой праблемы, любога пытання падыходзіць прадметна, канструктыўна. Яна быццам бы прапускае, абыходзіць усё тое, што так любяць жанчыны: паахаць, паперажываць, паплакацца сяброўкам, пасумнявацца, пакідаючы сапраўднае рашэнне ці ўчынак на потым. Яна бярэцца за ўсё, гаворачы па-руску “здесь и сейчас”, і ёй не страшна, а самае галоўнае – усё задуманае заўжды атрымліваецца.
Нават, калі я прапанавала ёй сфатаграфавацца для раёнкі, Іна праявіла сябе менавіта так: не тое, каб гэта дужа неабходна і вельмі хочацца, але: калі трэба – значыць, трэба. І зноў жа, на фотасесію – некалькі хвілін, бо зараз прыходзіцца выконваць абавязкі дырэктара школы: работы сур’ёзна пабольшала, часу няма. Таму пытанні прыйшлося задаваць ужо па тэлефоне:
— Скажы, як табе ўдаецца арганізаваць, у першую чаргу, сябе як жанчыну, арганізаваць работу настаўнікаў у школе? Для мяне, наогул, заўжды застаецца загадкай: як ты ўсё паспяваеш: адказная пасада, сям’я, двое сыноў?..
— Думаю, увесь сакрэт у маім неўтаймаваным характары. Не магу сядзець на месцы, ёсць унутраная патрэба пастаянна рухацца, нешта рабіць. Карацей, выручае тэмперамент халерыка. І потым, з вопытам прыходзіць уменне выдзеліць галоўнае, накіраваць свае сілы туды, куды трэба. Вось і ўсё.
— А калі б не настаўнік, то хто?
— Не ведаю, ці варта пра гэта гаварыць, але думаю, што я магла б арганізаваць сваю ўласную справу, стаць прадпрымальнікам. У гэтым сэнсе мне падабаецца ні ад каго не залежыць, быць свабоднай у рашэннях, самой размяркоўваць свой час, планаваць работу.
— Адкрый сакрэт, на што ў завуча школы ніколі не хапае часу?
— Бывае і ўдаецца дазволіць сабе не рабіць нешта, але толькі тое, што не так важна менавіта на гэты момант.
— А калі гаварыць гучна, то што б ты назвала ў ліку апошніх дасягненняў Обальскай школы.
— Не ведаю, ці можна гэта лічыць дасягненнем, але я як завуч задаволена тым, што на новы ўзровень у нашай школе выйшла работа са здольнымі вучнямі. Памятаю, як гадоў пяць назад,  нас толькі і “скланялі” за тое, што няма выніку на алімпіядах. Зараз – ён ёсць. І з кожным годам обальцаў у спісе пераможцаў усё больш. Гэта прыемна. Гэта наша агульнае дасягненне.
— А як маці, што б у школе адмяніла, змяніла?
— Я б смела вярнула тую сістэму, пры якой вучылася сама.Тады нам даваўся базавы ўзровень неабходных ведаў – нічога лішняга. А зараз  — суцэльная перагрузка, дзеці стамляюцца, часта не спраўляюцца з аб’ёмам работы. У іх проста астывае інтарэс да вучобы. Я тут пагартала сынаў падручнік па замежнай мове за трэці клас, дык, раней мы, бадай, толькі ў шостым такое вывучалі.
— Прызнавайся, якую кнігу апошняй прачытала?
— Ведаеш, у апошні час зацікавілася літаратурай пра сілу слова і думкі. Вось і ў сумачцы кніга Сінельнікава ляжыць, каб у дарозе, калі што, пачытаць.
— Калі б выдаўся па-сапраўднаму вольны дзень ад работы, хатніх клопатаў, то як бы адпачывала?
— Нічога асаблівага: загрэбла б дзяцей, мужа і паехалі б у Віцебск: магазіны, марожанае, атракцыёны.
Асабіста мне, шчыра прызнаюся, многаму было б варта павучыцца ў братавай жонкі (так, нашы прозвішчы – не супадзенне: мы сваячкі). Той жа арганізаванасці, мэтанакіраванасці, упэўненасці ў сваіх учынках і рашэннях. Але, баюся, нічога ў мяне не атрымаецца. Сіл не хопіць. Іна моцная жанчына, надзвычай працаздольная, мабільная. І яшчэ  адно, пра што я не магу не сказаць: яна заўжды гатова дапамагчы, у нечым выручыць, на яе можа смела спадзявацца ў самых няпростых жыццёвых сітуацыях. Яна ніколі не будзе задаваць лішніх пытанняў, проста зробіць усё магчымае і немагчымае, каб блізкім людзям было камфортна, спакойна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №78 ад 02.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *