Специалисты Министерства труда и соцзащиты провели в Шумилинском районе приём граждан и «прямую линию»

Общество Президент

На свае пытанні адказы атрымалі ўсе
Праца, стаж, пенсія – гэтыя тэмы хвалююць практычна кожнага чалавека, бо ад гэтага залежыць узровень жыцця, адчуванне сацыяльнай абароненасці, матэрыяльны дабрабыт. Таму да спецыялістаў органаў сацыяльнага забеспячэння і працы заўжды шмат пытанняў.
У сераду, 26 верасня, кожны мог атрымаць кампетэнтную кансультацыю спецыялістаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Асабісты прыём грамадзян і “прамую лінію” для жыхароў нашага і суседніх раёнаў праводзілі галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Н. У. Арнаут і намеснік начальніка ўпраўлення прававога забеспячэння і нагляду Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь – дзяржаўны інспектар працы Вадзім Якаўлевіч Браташ.
Першай на прыём завітала група былых спецыялістаў РАПА з праблемай заліку стажу работы ў гэтай арганізацыі. Дарэчы, праблема гэтая “з барадой” і ўжо не адзін год яны вядуць перапіску, ходзяць па інстанцыях, спрабуюць змяніць сітуацыю ў свой бок. Але, як патлумачыла Н. А. Арнаут, пытанне вырашана згодна з дзеючым заканадаўствам, пенсіі налічаны правільна і пакуль змяніць нічога нельга. Адчувалася, што грамадзяне пайшлі з прыёму незадаволеныя, пакрыўджаныя, але з жаданнем змагацца за сваю праўду далей.
Наступны грамадзянін прыйшоў з цэлым спісам пытанняў. Працуючага пенсіянера ў першую чаргу цікавіла пытанне, што будзе пасля 1 кастрычніка з ягонай пенсіяй і заробкам. Дарэчы, гэтае пытанне цікавіла яшчэ некалькіх пенсіянераў, якія былі на прыёме ці тэлефанавалі. Адказ – нічога, усё застанецца па-ранейшаму. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №136 ад 18 сакавіка 2012 года “Аб мерах па ўдасканальванню пенсійнага забеспячэння грамадзян” дае права грамадзянам, якія жадаюць атрымліваць большую пенсію, працягваць працу пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, атрымліваючы дадатковыя працэнты да павялічанай пенсіі (ад 6 да 14% за кожны год работы без атрымання пенсіі).
Наступнае пытанне было пра пенсійныя каэфіцыенты. Грамадзяніну растлумачылі, што пры каэфіцыенце большым за 1,3 пенсія працуючым пенсіянерам выплачваецца ў поўным памеры толькі пасля спынення працоўнай дзейнасці. Грамадзянін таксама атрымаў кансультацыю па асаблівасцях заліку ў працоўны стаж  часу работы ў Расіі, па асаблівасцях аплаце працы з няпоўным працоўным днём, па правілах пераводу на іншую работу, адклікання з водпуску.
Галоўны бухгалтар адной з устаноў запытала пра правільнасць афармлення работы вадзіцеля службовага аўтамабіля ў выхадны дзень. В. Я. Браташ прапанаваў некалькі варыянтаў рашэння праблемы: перавод на ненарміраваны працоўны дзень з устанаўленнем дадатковага водпуску ў памеры да 4 дзён ці прадстаўленне іншага дня адпачынку, калі работнік згодны на такі варыянт, ці аплата работы ў выхадны дзень у павышаным памеры.
Жыхарка Бешанковіцкага раёна звярнулася з пытаннем аб асаблівасцях вызначэння льготнай пенсіі для механізатараў. Ёй растлумачылі асноўныя палажэнні заканадаўства па гэтым пытанні і прапанавалі звярнуцца ў раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, дзе дадуць падрабязнае тлумачэнне па канкрэтнай сітуацыі.
Прыём прайшоў удала, падсумавалі вынікі сталічныя спецыялісты, больш за 13 грамадзян патэлефанавалі, 8 прыйшлі на прыём асабіста. Усе атрымалі кансультацыю, адказ на пытанне. Магчыма, не ўсе пайшлі задаволеныя, але закон ёсць закон і галоўнае – бясспрэчнае выкананне працоўнага і пенсійнага заканадаўства. Ну а тое, што пытанняў не так і многа, сведчыць аб тым, што на месцах працуюць кампетэнтныя спецыялісты, які вырашаюць праблемы ў адпаведнасці з законам і на карысць чалавека.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №78 ад 02.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *