Встреча с известным российским юристом, нашим земляком состоялась в Шумилинской районной библиотеке

Культура Людзі і лёсы

Цікавы чалавек,  як цікавая кніга

У першы дзень лютага ў Шумілінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла тэматычная сустрэча «Нашы людзі» з цікавым чалавекам нашым земляком Васілём Мікалаевічам ГАЛУЗАМ.

Цікавы чалавек, як цікавая кніга. Перагортваючы старонкі кніг, мы даведаемся пра герояў, падзеі, пераносімся ў той свет, пра які распавядае твор. Так і з цікавым чалавекам, размаўляючы з ім, мы таксама пагружаемся ў яго свет, даведаемся цікавыя факты яго жыцця, а самае галоўнае – яго думкі.

В. М. Галуза – расійскі юрыст, спецыяліст у галіне комплекснага правапрымянення ў Расійскай Федэрацыі. Кандыдат юрыдычных навук, навуковы рэдактар часопіса «Дзяржава і права». Аўтар каля 400 навуковых і вучэбна-метадычных работ, у тым ліку некалькіх падручнікаў і манаграфій, якія вытрымалі шэраг перавыданняў.

Нарадзіўся 9 красавіка 1956 года ў гарадскім пасёлку Шуміліна. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут у 1979 годзе. Працаваў зааінжынерам ва Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. З 1979 па 1981 год праходзіў ваенную службу ў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акрузе. Пасля паступіў у Хабараўскі філіял Усесаюзнага юрыдычнага завочнага інстытута, перавёўся ў Маскву і скончыў Маскоўскі дзяржаўны юрыдычны ўніверсітэт.

У 1995 годзе ў Маскоўскай Вышэйшай школе МУС РФ абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Судовы кантроль за законнасцю і абгрунтаванасцю ўтрымання пад вартай падазраваных і абвінавачаных на стадыі папярэдняга расследавання». У 2004-2016 гадах працаваў у Маскоўскім універсітэце МУС РФ імя У. Я. Кікаця. З 2018 года – навуковы рэдактар часопіса «Дзяржава і права», які выпускае Інстытут дзяржавы і права РАН.

На працягу многіх гадоў В. М. Галуза дорыць свае кнігі нашай бібліятэцы. Яны прызначаны для расійскай аўдыторыі, але нашым беларускім студэнтам юрыдычных факультэтаў гэтая літаратура будзе цікавая з пазіцыі параўнання заканадаўства і аналізу яго адрозненняў.

Госць прыемна быў здзіўлены тым, што яго кнігі змешчаны на выставу па прававой асвеце. Гэта яго кранула, і ён абяцаў, што наступную кнігу, якая пабачыць свет у хуткім часе, ён абавязкова падорыць з аўтографам.

Цэнтральная раённая бібліятэка звяртаецца да жыхароў Шуміліншчыны, якіх жыццё раскідала па розных кутках планеты, з просьбай адгукнуцца. Бібліятэкары будуць рады правесці з вамі сустрэчу, калі вам ёсць што расказаць і падзяліцца сваім цікавым і насычаным жыццём.

Ірына БАРЫСЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Шумілінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *