«Мы адно цэлае – і гэта сапраўднае шчасце»
Вольга і Дзмітрый Кляцковы з Обалі выхоўваюць траіх дзяцей – дзесяцігадовых Ганну і Мікіту, чатырохгадовага Сашу і не ўяўляюць сямейнага шчасця без гучнага дзіцячага смеху. Дзмітрый працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях вадзіцелем, Вольга – у аддзеле па адукацыі райвыканкама прыёмнай маці.
Жаданне стаць прыёмнай сям’ёй у Вольгі і Дзмітрыя ўзнікла раптоўна, але раз і назаўсёды. «Калі Ганне быў 1 год і 3 месяцы, мы з мужам вырашылі, што можам узяць у сям’ю дзіцяці, ад якога адмовіліся бацькі, – расказвае Вольга. – Не помнім, хто першы прапанаваў. Там дзе адно дзіцяці, там хопіць месца і другому, рашылі мы».
Кляцковы літаральна праз пару дзён паехалі ў Віцебск у дом малюткі. Адразу звярнулі ўвагу на жвавага хлопчыка Мікітку (ён быў старэй за Ганну на чатыры месяцы), які ўчапіўся ручкамі за спадніцу Вольгі. «Дадому ехалі моўчкі, – успамінае Дзмітрый. – Дома, узяўшы на рукі Ганначку, сказалі ёй, што хутка ў яе з’явіцца брацік». На працягу месяца, калі афармлялі дакументы, ездзілі ў дом малюткі да Мікіткі, разам праводзілі час, гулялі. Кляцковы добра памятаюць, як забіралі яго з дома малюткі:– Апранулі Мікіту, сказалі, што едзем дадому. Ён на той час не зусім зразумела гаварыў. Выходзім з будынка, сын паварочваецца і дакладна вымаўляе: «Пака! Сюды я не вярнуся!».
Так у сям’і Кляцковых стала двое дзетак. Сакрэтаў выхавання ў іх няма, галоўнае, каб усё ішло ад сэрца, ад душы – дзеці гэта цудоўна адчуваюць. Чатыры гады таму сям’я яшчэ пабольшала, нарадзіўся Саша. «Мы ўпяцярых адно цэлае – і гэта сапраўднае шчасце», – з гонарам адзначае Дзмітрый.
Што тычыцца Мікіты, то бацькі яму расказалі, што ён прыёмны, калі той пайшоў у школу. На што хлопчык адразу адказаў: «Вы мае мама і тата, вы самыя родныя» і моцна абняў бацькоў…
Как стать приёмными родителями?
У Шумілінскім раёне 17 дзяцей выхоўваюцца ў 13 прыёмных сем’ях.
Зараз у аддзеле па адукацыі райвыканкама ідзе адбор кандыдатаў на пасады прыёмных бацькоў.
! Прыёмнымі бацькамі не могуць быць блізкія сваякі дзяцей – браты, сёстры, дзядулі і бабулі.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Сядзельнікаў адзначае, што вітаецца наяўнасць у кандыдатаў у прыёмныя бацькі педагагічнай, псіхалагічнай, медыцынскай адукацыі, а таксама станоўчага вопыту выхавання і сацыялізацыі родных і ўсыноўленых дзяцей. Важна, каб кандыдат быў гатовы на самаразвіццё, павышэнне прафесійнага ўзроўню і бацькоўскай кампетэнцыі.
Пакрокавую інструкцыю, як стаць прыёмнымі бацькамі, прадстаўляе псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Анастасія АНАНЬЕВА:– На пачатку трэба прадставіць пакет дакументаў у службу «адно акно» райвыканкама (заява, пашпарт, пасведчанне аб заключэнні шлюбу, медыцынскія даведкі пра стан здароўя, пісьмовая згода ўсіх паўналетніх членаў сям’і, даведка аб даходах за мінулы год).
Неабходна прайсці навучальныя курсы (лекторыі, тэматычныя семінары, практыкумы, трэнінгі), накіраваныя на фарміраванне навыкаў у вырашэнні пытанняў абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія трапляюць у прыёмную сям’ю.
Аддзел па адукацыі прадаставіць кандыдатам у прыёмныя бацькі звесткі пра дзяцей, якія жывуць на тэрыторыі раёна і могуць быць перададзены на выхаванне ў прыёмную сям’ю. Пазнаёміцца з дзецьмі можна ў сацыяльна-педагагічным цэнтры.
Пасля вынясення мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі рашэння аб перадачы дзіцяці (дзяцей) у прыёмную сям’ю, аддзел па адукацыі заключае з прыёмным бацькам дагавор аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей і кантракт. З гэтага моманту прымны бацька становіцца членам працоўнага калектыву аддзела па адукацыі.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах 5-53-81 (галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама), 5-54-39 (сацыяльна-педагагічны цэнтр).
Аляксандр ШЭДЗЬКО

