Ветераны подсчитали птиц

Мир увлечений Общество

Арніталагічны чэмпіянат і не толькі
Арніталагічныя чэмпіянаты карыстаюцца вялікай папулярнасцю ва ўсім свеце. (Для даведкі. У арніталагічных чэмпіянатах пераважна
ўдзельнічаюць каманды. Спаборніцтвы могуць праходзіць не ў адным геаграфічным месцы. Вызначаюцца пэўныя ўмовы ўдзелу, час правядзення. Затым збіраецца ўся інфармацыя і вызначаецца пераможца). Тысячы людзей набываюць сучасную оптыку, вандруюць па ўсім свеце, каб паназіраць і палічыць птушак. Трэба адзначыць, што ў Еўропе найбольш аматараў-арнітолагаў пажылога ўзросту. Арніталагічныя чэмпіянаты праводзяцца ўжо не адзін год і ў Беларусі. Толькі вось каманд з нашага раёна да гэтай восені не было.
Гэту нішу запоўнілі ветэраны, якія ўдзельнічаюць у праекце “Птушкам усе ўзросты падуладны”. Праект рэалізуецца для ветэранскай арганізацыі раённым аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і раённым Цэнтрам дзяцей і моладзі. Нашы ветэраны за перамогу спаборнічалі з камандамі з Мінска, Смаргоні і Барысава. Кожная каманда-ўдзельніца атрымае дыплом і каштоўны падарунак, а каманду-пераможцу чакае сюрпрыз ад АПБ.
У светлы кастрычніцкі дзень каманда ветэранаў на чале са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікавай і старшынёй раённага аддзялення АПБ І. У. Сінкевіч накіраваліся ў лес на Лескавіцкае возера. Падлікі птушак пачаліся прама па дарозе ў Лескавічы.
І вось ён — восеньскі лес. Сустракае не толькі багаццем фарбаў, а і ўстрывожаным крыкам сойкі. Відаць, у гэты час не так багата тут людзей. Лясное падарожжа зачароўвае, тут своеасаблівая атмасфера, цішыня, якую так не хочацца парушаць. Узброіўшыся біноклямі, каманда ідзе ў глыб лесу. І раптам восеньскую цішыню разрывае настойлівае “тук-тук”. Дзесьці дзяцел. Некалькі хвілін ветэраны любуюцца птушкай…
Спускаемся да возера. Тут цікава было паназіраць за чомгай, як тая ловіць рыбу.
“З упэўненасцю можна сцвярджаць, што арніталагічнае падарожжа адбылося. Пабачылі 19 відаў птушак, усяго больш за 200 асобін. Найбольш распаўсюджаныя – гракі і каўкі, па адной асобіне пабачылі шызую чайку і сінюю сініцу, — падсумавала старшыня раённага аддзялення АПБ І. У. Сінкевіч.”
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №80 ад 09.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *