На президиуме районного Совета депутатов

Актуалии Общество Президент Семья

Гаварылі пра гора-бацькоў і беды дзяцей
Жыццё проста нялітасціва падкідвае чалавеку праблемы. Дробныя і вялікія. Але ёсць сферы жыцця, дзе яны адчуваюцца асабліва востра і балюча. Як вось гэта — пра долю нашых дзетак і пра так званых абавязаных людзей. І на вырашэнне гэтай праблемы нацэлены і Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядобранадзейных сем’ях”. Менавіта па гэтай хвалюючай тэме і гаварылі на пасяджэнні прэзідыума райсавета, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
З дакладам  па рэалізацыі  азначанага Дэкрэта выступіла намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Л. А. Грузневіч. На ўліку ў раёне 173 дзіцяці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 15 дзяцей з 9 сямей прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Пераважна гэта сем’і, дзе “баль” правіць алкаголь.
У раёне многае робіцца, каб гэтую сумную статыстыку зменшыць. Людміла Аляксееўна прыгадала прыклад, калі за час акцыі  “Дзень без алкаголю” не здарылася ніводнага правапарушэння ў раёне. Або вось так званае кадзіраванне. У раён быў запрошаны доктар Сайкоў, да яго на прыём прыбыло 66 чалавек, з іх 34 жанчыны. Вядома, будзе і “адсеў”, далёка не кожны пераможа “зялёнага змея”, тым не менш важна выкарыстоўваць кожны шанц для выпраўлення становішча.
У раёне дзейнічае акцыя “Сям’я без насілля”, у 2010 годзе па нядобранадзейных сем’ях быў наладжаны 31 выезд мабільных груп. Бацькі, якія не забяспечваюць належных умоў для сваіх дзяцей, запрашаюцца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Нямала клопатаў з уводам Дэкрэта прыбыло органам міліцыі. Моцны выхаваўчы эфект мела выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета па Дэкрэту № 18 сумесна з адкрытым пасяджэннем суда раёна па пазбаўленню бацькоўскіх правоў, на якое былі запрошаны і бацькі з нядобранадзейных сямей. Агульнымі намаганнямі вярнулі ў біялагічную сям’ю з 2007 года па сённяшні час 73 дзіцяці са 112, якія мелі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Тым не менш у раёне яшчэ 87 чалавек, якія абавязаны кампенсаваць выдаткі ў бюджэт на ўтрыманне аднятых у іх дзяцей.  І калі за першае паўгоддзе 2008 года абавязанымі асобамі пагашалася чвэрць расходаў, то за такі ж перыяд 2010-га — ледзь не палова. Тым не менш з гэтым далёка не ўсё гладка. Ёсць прэтэнзіі ў раённай камісіі па справах непаўналетніх да органаў міліцыі, да медыкаў, шырокае поле дзейнасці ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Асноўны клопат — уладкаваць абавязаных людзей на работу і прымусіць іх працаваць. Вось тут і пачынаюцца няўвязкі: то міліцыя не знойдзе абавязанага дома, то той прагуляў па іншай, “уважлівай” прычыне, то няма тэхнікі, каб даставіць работніка на працу. Такім чынам, прагулы за 7 месяцаў года дасягнулі фантастычнай лічбы — звыш тысячы дзён.
Няма патрэбнай работы з тымі, хто схільны да алкагалізму, у цэнтральнай раённай бальніцы. Як сказала намеснік галоўнага ўрача раёна Т. М. Цімошчанка, урач-нарколаг працуе на палову стаўкі, а на ўліку ў яго стаіць звыш 700 чалавек. Але гэта, вобразна кажучы, надводная частка айсберга.
Па сутнасці работа тут пушчана на самацёк. Калі такое стаўленне да праблемы будзе і далей — яна з гадамі ўскладніцца. Галаўны боль і з абавязанымі, якія па-ранейшаму жадаюць весці “вольны” лад жыцця. На думку начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекавай, Дэкрэт № 18 не зусім дасканалы. Прагульваюць абвязаныя шмат, але ж няма такой прававой практыкі, каб за 10 прагулаў іх саджаць  у турму, хаця ў Дэкрэце пра гэта гаворка ідзе.
Праблему дзяцей і іх гора-бацькоў трэба рашаць і сіламі грамадскіх арганізацый (старэйшыны вёскі, прафсаюз, жаночы савет), і праз дэпутатаў раённага і сельскіх Саветаў. Тут работы шмат, трэба ўсім павярнуцца тварам да праблемы. Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Р. К. Бабіч (ён жа і дэпутат раённага Савета дэпутатаў) у выступленні прыйшоў да высновы: пагаварыў ён з падлеткам у нядобранадзейнай сям’і,   выклікаў яго на шчырую гутарку і, па ўсім відаць, знайшоў да яго ключык — так што даволі часам бывае і шчырай, абнадзеенай гаворкі.
Па азначанай тэме выступілі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама А. В. Налецкая, старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў, педыятр раёна Л. В. Суханава.
На пасяджэнні райсавета разгледжаны іншыя надзённыя пытанні.
Мікалай МАРОЗ.
Опубликовано в №68 от 3.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *