К юбилею В. С. Короткевича

Векапомнае Культура Общество

“Хай шлях даўгі не дасі мне, доля…”
У адным сваім эсэ У. С. Караткевіч, разважаючы пра долю пісьменнікаў розных эпох, сыходзіўся на думцы, што многія з іх прадракалі свой кароткі век. Праз Ленскага ў рамане “Яўгеній Анегін” прарочыў сабе смерць А. С. Пушкін; у адной з аповесцяў Чэхава вельмі выразна прасочваецца доля пісьменніка, якому наканавана было пражыць нядоўга. Не мог або не захацеў гаварыць нешта падобнае пра сябе сам Уладзімір Сямёнавіч. Тым не менш і ён — прарок, і ён сказаў: “Хай шлях даўгі не дасі мне, доля…”. Хаця тут не выключнае сцвярджэнне, але ад радка павявае фатальным…
Ён не пражыў і 54 гадоў, а след пакінуў у літаратуры адметны, надзвычайны і ўдзячны. “І пры жыцці ён, можа, як ніхто іншы, карыстаўся непахіснай рэпутацыяй аднаго з самых таленавітых майстроў літаратуры, — піша ў прадмове да васьмітомнага збору твораў пісьменніка Васіль Быкаў. — …Роўнага яму няма і наўрад ужо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто…”.
Пачынаў Уладзімір Караткевіч з вершаў. З паэзіі. Паэзіяй і закончыў. І нават тыя празаічныя творы, якія “ўмясціліся” ў гэтым прамежку часу, наскрозь прасякнуты лірычнасцю і гібкасцю радка творцы-паэта. Асабліва гэта датычыцца аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Тут ёсць музыка, якая ліецца літаральна з кожнай старонкі. І падчас вальсу, што танцуюць Яноўская і Беларэцкі, і з рогу “дзікага палявання”, барабаннага пошчаку конскіх капытоў, гэта і сумныя народныя песні, якія слухае Беларэцкі. Мова аповесці — па сутнасці белы верш, адразу скажаш, што твор напісаў паэт. А ягоная “Чазенія”, а “Леаніды…”, многія апавяданні — усюды кароткі, як стрэл ці выдых (гледзячы што хоча сказаць пісьменнік у творы), радок, трапяткая і зграбная беларуская мова.
Нарадзіўся на Дняпры, у Оршы, з Дняпром былі звязаны ў яго пяць гадоў вучобы ў Кіеве, бурлівая рака вызначыла неспакойны, у нечым бунтарскі характар Караткевіча. Ён у многіх сваіх творах даражыць адраджэнцкай ідэяй, яму баліць за нацыянальную годнасць беларуса.
У. С. Караткевіч — пісьменнік гісторыка-рамантычнага складу. Ён да самазабыцця працаваў у бібліятэках Мінска і Масквы, Варшавы і Кіева, Вільні і Пецярбурга, размаўляў са старажыламі, якія маглі помніць расповяды сваіх далёкіх продкаў. Пухлі нататнікі, спісваліся тысячы старонак з успамінамі. Адзін са старых і пазнаёміў пісьменніка з малітвай латнікаў, якія прасілі ў Бога сілы памерці так, як паміраюць каласы пад сярпом жнеі, каб пасля стаць хлебам. Нарадзіўся выдатны раман, які даўно стаў хрэстаматыйным. Падумалася ў сувязі з гэтым і пра іншае: сам Караткевіч пакінуў нам сотні, тысячы такіх залатых зярнятак, спёк, вобразна кажучы, для будучых пакаленняў вялікі і самабытны каравай…
У. С. Караткевіч — нястомны вандроўнік. Калі б не было ў пісьменніка прагі падарожжаў, ён не напісаў бы і палову таго, што маем сёння, не было б у творах пранікнёнасці і жыццёвай сілы. Менавіта перажытае або прапушчанае праз сэрца кладзецца на паперу з найбольшай перакананасцю. Па адукацыі філолаг, ён, тым не менш, быў заўзятым гісторыкам, які выводзіў сваіх герояў з нетраў эпохі Вялікага Княства Літоўскага, яго хвалявалі паданні і легенды — невычэрпныя крыніцы для сюжэтаў і рознага роду падказак, якія таленавіта ўвасабляў у мастацкія вобразы. Ён выдатна ведаў сусветную літаратуру і мастацтва, ніколі не адмаўляў сабе наведаць лішні раз Вільнюс. “Горад мой! — піша ў артыкуле, змешчаным газетай “Чырвоная змена” 1 жніўня 1989 года. — Любоў мая да цябе зарадзілася так даўно, што я нават не помню калі. І думаю, што буду любіць, пакуль жыву…”. Тут, у Вільні, ён кожны раз ішоў ад Дамінікаўскіх муроў на рагу вуліц Гараліса і Гедрыса да Лукішак, дзе ля сцен кляштара св. Якуба стаяла шыбеніца, каб пакараць Кастуся Каліноўскага. Так вось ён ушаноўваў памяць сваіх слынных людзей Беларусі…
Нядаўна трапілася пачытаць у газеце “Звязда” эсэ-гімн Уладзіміра  Караткевіча “Я люблю цябе”. Ён не ўвайшоў ні ў адно выданне славутага пісьменніка, і твор быў для мяне выкрасаным агнём любові да Бацькаўшчыны, да Беларусі. Гэта беларускай зямлі спавядаецца ён, сваім людзям — шчырым і гасцінным. “Мы вечныя, — піша пісьменнік, — і таму, што ў нас сонечныя вочы, што бязмерная наша дабрыня, а душы нашыя — як вясёлкі ў вышыні і як зоры…”. Эсэ не перакажаш, яно не мае сюжэту, але ў сэрцы застаецца святло, трапяткое і шчаслівае ад усведамлення таго, што ты — беларус.
Мікалай МАРОЗ.

Надрукавана ў № 88 ад 12.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *