Какие вопросы волнуют жителей Козьянщины показал день работы с населением в Мишневичском сельсовете

Главное Общество

На першым плане – веснавыя  клопаты

 Сёлета дні работы з насельніцтвам стартавалі з Мішневіцкага сельсавета. Рабочыя групы, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі органаў улады, раённых службаў, 12 і 13 сакавіка наведалі населеныя пункты, дзе правялі сустрэчы з вяскоўцамі, расказалі пра раённыя справы, сабралі праблемныя пытанні, якія хвалююць мясцовых жыхароў.

На сходах старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька нагадала вяскоўцам пра неабходнасць навядзення парадку на падворках, пра тое, што сёлета, у Год добраўпарадкавання, будзе праводзіцца раённы конкурс на лепшае добраўпарадкаванне сярод сельсаветаў, сельскіх населеных пунктаў, старэйшын і дамоў. Старшыня сельвыканкама расказала, што сёлета будзе абноўлена дарожнае пакрыццё ў Казьянах, нагадала пра бяспечныя паводзіны на рэках і азёрах, дзе актыўна разбураецца лядовае покрыва і небяспечна для жыцця выходзіць на лёд, цікавілася праблемамі.

Часам прыходзілася рабіць заўвагі наконт нявыкананых вяскоўцамі абяцанняў, прасіць прыбраць смецце. Так, у адной з вёсак па просьбе жыхароў спілавалі аварыйнае дрэва пры ўмове, што яны навядуць парадак пасля гэтага. Дрэва спілавалі, але лістоту і рэшткі галін ніхто так і не прыбраў. Прыйшлося зноў дамаўляцца…

Супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Баравкоў нагадваў пра забарону выпальваць сухую траву і адказнасць за такія дзеянні, расказваў, што спальваць у вогнішчы лістоту, траву і іншыя раслінныя рэшткі на ўчастку можна толькі пры захаванні мер бяспекі і пад наглядам, рэкламаваў аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія абавязкова трэба ўстанаўліваць у жылых пакоях і трымаць іх у спраўным стане, раздаваў буклеты па пажарнай тэматыцы.

Вяскоўцам, сярод якіх пераважаюць людзі сталага ўзросту, гаварылі пра кібербяспеку, тэлефонных машэннікаў, заклікалі быць абачлівымі пры размовах па незнаёмых нумарах. Жыхары ў сваю чаргу дзякавалі за работу пошты, якая аказвае не толькі паштовыя паслугі, але і гандаль таварамі.

У ліку пытанняў, якія ўзнімалі жыхары вёсак, можна назваць праблемы з мабільнай сувяззю. Большая частка Казьяншчыны знаходзіцца ў зоне няўстойлівага прыёму, і з-за гэтага людзі часам не могуць аплаціць пакупкі банкаўскай карткай у аўтамагазіне, а зняць наяўныя грошы няма дзе.

Прасілі прагрэйдзіраваць і падрамантаваць дарогі. Дарэчы, грэйдар рабочая група сустрэла, калі ехала назад. Ёсць пытанні па набыцці лекаў, бо мабільны

ФАП іх не прадае, а прывозіць толькі па папярэдніх заяўках.

У вёсцы Гульбішча хваляваліся з-за калодзежаў, у якіх зусім мала вады: “А што будзе летам, калі засушыць?”. Вельмі хвалюе сухая трава, якая сцяной акружае практычна ўсе вёскі. Члены рабочай групы раілі абкошваць прылеглыя да сядзіб участкі, каб стварыць бяспечныя палосы.

Усе пытанні ўзяты на кантроль, будуць абагульнены, накіраваны ў адпаведныя арганізацыі і службы для рашэння.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *