Олимпийские надежды Шумилинщины

Мир увлечений Молодёжь Спорт, туризм

Новыя імёны ў біятлоне
Апошні год на біятлонным алімпе рэспублікі гучна заявілі пра сябе трое нашых землякоў – Кацярына Маслюкова, Уладзіслаў Васільеў і Вольга Гаўрылкіна (на здымку), якія вучацца ў 8 і 9 класах СШ №1. Яны неаднаразовыя пераможцы і прызёры розных рэспубліканскіх стартаў.
Да сваіх перамог шумілінскія біятланісты ішлі паступова, з кожнай гонкай набіраючы вопыт і практыку. Сёння можна адзначыць, што Кацярына, Уладзіслаў і Вольга маюць добрую фізічную падрыхтоўку, а гэта дае перавагу на дыстанцыі над канкурэнтамі, ды і зрываў на агнявых рубяжах амаль няма. Усё ў сукупнасці і прыносіць плён.
“Пашанцавала з выхаванцамі, – адзначае трэнер Генадзь Салапаеў, – таленавітыя, займаюцца з вялікім жаданнем. Працалюбівыя. Са здаровымі спартыўнымі амбіцыямі”.  Займаюцца  біятлонам  Кацярына, Уладзіслаў і Вольга тры гады.
У спорт кожны з іх прыйшоў па-свойму. На Кацярыну паўплывалі бацькі. Менавіта яны параілі дачцэ зрабіць гэты выбар, падтрымлівалі ўсяляк, дапамагалі. Вольга ў біятлон прыйшла сама, убачыла, як яе равеснікі катаюцца на лыжаролерах, і папрасілася ў секцыю. Уладзіслаў прыйшоў за сябрам Кірылам Цюрыным, які  на той час паказваў ужо годныя вынікі. «Хацелася перагнаць сябра, – жартуе хлопец, – гэта быў мой  стымул у біятлоне…».
Тактыка Генадзя Салапаева, калі ён выстаўляў сваіх выхаванцаў з больш вопытнымі і старэйшымі біятланістамі, спрацавала на ўсе сто. Біятланісты набраліся багатага вопыту выступленняў, яскрава бачылі свае промахі.
Кацярына, Уладзіслаў і Вольга літаральна ўлюбіліся ў біятлон, яны добра разумеюць, што тут можна дасягнуць вялікіх вяршынь, што ўсё залежыць ад цябе, ад твайго старання і трэніровак, ад умення слухаць і выконваць парады трэнера.
“Думаю, для іх біятлон стаў, нягледзячы  на іх узрост, прафесійным заняткам, – выказвае спадзяванне Генадзь Салапаеў. – Праз год будуць у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пры ўмове такіх асабістых адносін да спорту, як сёння, яны могуць дасягнуць вялікіх спартыўных вышынь”.
Аляксандр Шэдзько.
Надрукавана ў №82 ад 16.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *