Шумилинские волейболисты показали класс

Спорт, туризм

Традыцыі і будучыня
У мінулую суботу ў ДзЮСШ прайшоў абласны турнір па валейболе сярод мужчынскіх каманд, прысвечаны памяці трэнера А. Я. Завадскага. За перамогу змагаліся тры шумілінскія каманды – “Здароўе”, “Шуміліна”, “ДзЮСШ” і дзве віцебскія – “Марка” і “Медуніверсітэт”.
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова падкрэсліла, што валейбольныя традыцыі ў раёне, закладзеныя Анатолем Яўгенавічам, сёння працягваюцца слаўнымі перамогамі нашых землякоў і валейбол па-ранейшаму застаецца ў райцэнтры спортам нумар адзін. Букет кветак ад удзячных выхаванцаў быў ўручаны жонцы А. Я. Завадскага Ліліі Раманаўне.
Як будзе глядзецца каманда ДзЮСШ, за якую выступалі юныя выхаванцы спартыўнай школы, у гульнях з дарослымі валейбалістамі?  Ці зможа трэнер Аляксей Паршыкаў псіхалагічна настроіць каманду, ці пакажа лідар Антон Сушынскі  сталую дарослую гульню?  Чым парадуюць заўзятараў валейбалісты з “Шуміліна”, бо ў іх складзе такія знакамітыя валейбалісты як Арцём Масько, Дзмітрый Суханаў, Станіслаў Прасветаў, Канстанцін Мончык і інш.? Ці зможа “Здароўе” ў складзе  Сяргея Аксёнава, Сяргея Завадскага і Сяргея Абраменкі супрацьстаяць больш маладым камандам? Які ўзровень гульні прадэманструе дубліруючы састаў віцебскага “Марка” – каманды, што гуляе ў нацыянальным першынстве Беларусі? І, нарэшце, што за “цёмны конік” спаборніцтваў – “Медуніверсітэт”?
На гэтую безліч пытанняў і павінны былі адказаць непасрэдна гульні. Ухвальных слоў заслужылі юныя валейбалісты з каманды “ДзЮСШ”. Юныя спартсмены далі сапраўдны бой кожнай камандзе, перамогі над імі не былі лёгкімі. Зразумела, што вопыту і гульнявой практыкі ім не стае, а іх асноўныя перамогі – наперадзе.
Гульні паказалі, што за перамогу яўна змагаліся толькі тры калектывы – “Марка”, “Здароўе” і “Шуміліна”. І тут валейбалісты падарылі інтрыгу.  Толькі па дадатковых паказчыках была фінальная табліца набыла канчатковы выгляд: першае месца – “Здароўе”, другое – “Марка”, трэцяе – “Шуміліна”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №77 ад 02.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *