Што прапануе гандлёвы дом «Вежа» ў Маскве?
ТАА «Вежа» адно з нямногіх прадпрыемстваў раёна, заснавальнікамі якога з’яўляюцца прадстаўнікі дзвюх краін: Беларусі і Расіі. Таму відавочна, что і эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі наладжана самае цеснае.
Кожны тыдзень дырэктар ТАА «Вежа» Святлана Мікалайчык і калегі-расіяне праводзяць анлайн-планёрку, падчас якой абмяркоўваюць планы на дзень. У Маскве некалькі гадоў таму створаны гандлёвы дом пад назвай «Вежа». Там працуюць менеджары, маркетолагі, якія рэкламуюць прадукцыю, прымаюць заяўкі ад гандлёвых кропак, кафэ і рэстаранаў, афармляюць дакументы на адпраўку. Таксама заключаюць дагаворы з буйнымі гандлёвымі сецямі Расійскай Федэрацыі. У спісе – «Ашан», «Самакат», «ВкусВилл», «Перекрёсток».
Гандлёвы дом «Вежа» ў Маскве супрацоўнічае і з іншымі прадпрыемствамі Беларусі – кандытарскімі фабрыкамі «Віцьба» і «Слодыч», Маларыцкім кансервава-гароднінасушыльным камбінатам.
«З кожным годам папулярнасць на безалкагольныя напіткі расце, – кажа Святлана Мікалайчык. – Расійскім пакупнікам падабаецца, што шумілінская прадукцыя на аснове яблычнага соку і натуральных экстрактаў (не выкарыстоўваем араматызатары). На знешні рынак мы пастаўлялі “Пузіроўку”, “Шорлі”, “Сідр”, з навінак – безалкагольны “Мускат”. Усяго ў мінулым годзе на экспарт адгрузілі 2,1 мільёна бутэлек (56% ад агульнай рэалізацыі). За студзень-люты гэтага года ў Расійскую Федэрацыю паехалі 250 тысяч бутэлек (летась за такі ж перыяд было 199 тысяч). Уся прадукцыя праходзіць дэгустацыю, тэхналагічныя інструкцыі ўзгадняюцца з Міністэрствам аховы здароўя, атрымліваецца дэкларацыя».
Работнікі ТАА «Вежа» пастаянна ўдзельнічаюць у выставе «Продэкспа», якая праводзіцца кожны год у Маскве.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

