Выбрали Беларусь для жизни: Оболь покорила покоем и просторами

Общество

Обаль скарыла спакоем і прасторам

Таццяна Вадзімаўна і Уладзімір Уладзіміравіч Жалезняковы з Санкт-Пецярбурга аднойчы прыехалі ў Обаль да знаёмых – пасёлак скарыў іх спакоем, прыгажосцю і кампактнасцю. У 2019 годзе яны набылі тут дом сядзібнага тыпу для дачы, а неўзабаве пераехалі, атрымаўшы від на жыхарства.

Дома мы засталі гаспадыню Таццяну Жалезнякову і яе маці Тамару Сцяпанаўну (яна таксама з Санкт-Пецярбурга), гаспадар знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. Жанчыны расказалі, што ўнутры дома зрабілі касметычны рамонт: паклеілі, пафарбавалі, давялі да ладу печку, памянялі вокны на пластыкавыя. Папрацавалі і на падворку, выкапалі калодзеж. Помпай вада паступае ў дом, так што няцяжка было  падключыць пральную машыну. Ёсць і бойлер для падагрэву, ванны пакой. Праўда, ацяпленне засталося пячным, але сям’ю гэта не пужае. Кажуць, што з дрывамі праблем няма: купляюць іх у прыватнікаў адразу колатымі.

«Некаторыя часта пытаюцца: як мы, расіяне, адчуваем сябе ў Беларусі. Вельмі добра! Тут усё блізкае і роднае, – кажа Таццяна Вадзімаўна. – Нават печка носіць назву “руская”. Мы ўмеем яе прапальваць, бо калісьці мелі маленькую дачу пад Санкт-Пецярбургам. Але там нам не падабалася шчыльнасць забудовы, калі дамы размяшчаліся ўпрытык адзін да аднаго, а ў Обалі прасторна, побач рэчка і лес, і гэта радуе. У Санкт-Пецярбургу ў мяне была свая гандлёвая фірма, муж працаваў экскаватаршчыкам. На пенсіі вось вырашылі перабрацца жыць у Беларусь. І вельмі задаволены».

Жалезняковы апрацоўваюць побач з домам невялікі агарод. Трымаюць курэй і казу – яйкі, малако і тварог свае. Падабаецца якасць беларускіх прадуктаў. А калі едуць у Расію, то родным у якасці прэзента абавязкова бяруць цукеркі ці шакалад вытворчасці фабрыкі «Камунарка».

Жалезняковы пасябравалі са сваімі суседзямі, разам ходзяць у лес за ягадамі. І ўжо хутка збіраюцца за першымі грыбамі – смарчкамі.

«Мы не адзіныя з сям’і, хто прыехаў у Беларусь, – кажа Таццяна Вадзімаўна. – Перабралася сюды і дачка Ксенія з двума дзецьмі, жывуць у Полацку. Дачка працуе, унукі ходзяць у школу. Прыязджаюць да нас на працоўнае выхаванне – работы на агародзе летам хапае ўсім».

У планах Жалезняковых – жыць у Обалі, любавацца прыгажосцю прыроды, вырошчваць памідоры і кабачкі, наводзіць парадак ля дома. А яшчэ гаспадыня марыць адкрыць рамесніцкую дзейнасць, бо ўмее і любіць шыць.

Даведка “ГП”. У нашым раёне зарэгістравана 230 расіян, расказала старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Дар’я Кудлаёва. 13 грамадзян Расійскай Федэрацыі прыехалі ў 2024 годзе і ўжо атрымалі дазвол на пражыванне.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *