11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей. Родилась в трудовом лагере…

80 лет Великой Победы Беларусь помніць Людзі і лёсы

«Не дай бог нікому  нарадзіцца вязнем»

Нарадзілася ў працоўным лагеры. Малалетні вязень. Гэтыя словы былі знаёмыя з самага дзяцінства жыхарцы райцэнтра Марыі ШАПЕЛЬ. У малалецтве яна іх не ўсведамляла, а ў юнацтве пачала распытваць у маці, як яны апынуліся ў вязнях.

Вясковы ўклад сям’і Шапель, якая жыла ў вёсцы Грамошча Полацкага раёна, прыпыніла вайна. Бацька Марыі, які працаваў на чыгунцы, дапамагаў партызанам – рабіў лыжы і санкі. Маці Ганна Гаўрылаўна дома гадавала пяцёра дзетак.

Вясной 1943 года немцы пайшлі па хатах, выганялі на вуліцу людзей. Потым адвезлі на чыгуначную станцыю, дзе ўсіх пагрузілі ў вагоны-цялятнікі. У адным баку знаходзіліся людзі, у другім – коні і каровы. Ехалі доўга. Немцы кідалі ў вагон бохан-другі хлеба, каб людзі не памерлі.

У горадзе Кемптэн мужчын пасялілі ў адзін барак, жанчын і дзяцей – у другі. Гэта быў працоўны лагер – пра яго Марыя Шапель ведае па расказах маці і старэйшай сястры. Людзей, якія цярпелі страх і здзекі, размеркавалі на розныя работы. Бацьку Пятра Вікенцьевіча і старэйшага брата Лёню, якому было 13 гадоў, забралі працаваць на чыгунку. Брат Генадзь (на два гады маладзей за Лёню) рупіўся ў баўэра ў хлеўчуках з жывёлай – падкідваў кармы, чысціў гной. Яго білі за кожную дробную правіннасць, а калі бацька аднойчы заступіўся, то і яму дасталося.

Цяжарная маці даглядала малодшых – Валю, Любу, Дзіну. А 22 кастрычніка 1944 года нарадзілася Марыя. «Жанчыны, якія разам з намі жылі ў бараку, прапалілі грубку, каб было цяплей, – кажа Марыя Пятроўна. – Яны і прымалі ў маці роды».

У маі 1945 года вязняў працоўнага лагера вызвалілі савецкія войскі. Сям’я Марыі Пятроўны вярнулася ў родную вёску. Хат там ужо не было, адны папялішчы. Каля двух гадоў жылі ў зямлянцы, пакуль бацьку ад чыгуначнай станцыі, дзе працаваў абходчыкам, не выдзелілі дом. Марыя памятае, што прадуктаў не хапала, вопраткі таксама. На трох старэйшых сясцёр былі адны паўбоцікі на шнуроўцы – у іх па чарзе хадзілі ў школу. Але галоўным было тое, што вайна закончылася і яны вярнуліся на радзіму.

Марыя Пятроўна вывучылася на настаўніцу і працавала ў Полацкім раёне (выйшла замуж за ваеннага, у Баравусе стаяла іх часць). У 1992 годзе сям’я вярнулася на Шуміліншчыну, крыху жылі ў Обалі, куды перасялілася дачка, пазней пераехалі ў Шуміліна. Зараз М. П. Шапель жыве адна, муж памёр. Трымае сувязь з сястрой Дзінай, яна адзіная засталася з пецярых братоў і сясцёр. Прыязджаюць дачка і сын, двое ўнукаў і праўнук. Усім ім Марыя Пятроўна жадае шчаслівай долі (“не дай бог нікому нарадзіцца вязнем”) і міру.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *