Жизненые принципы Тадеуша Таримы

Людзі і лёсы Общество

Жыццёвыя прынцыпы Тадэвуша Тарымы

Тадеуша Тариму поздравляет с юбилеем Татьяна Терех.

Вядомы і паважаны ў Шуміліне чалавек, былы дырэктар прадпрыемства «Дабееўскі мох», шчыры працаўнік, добры сябар і сем’янін, Тадэвуш Мацвеевіч Тарыма адзначыў  85 гадоў з дня нараджэння.

Тадэвуш Тарыма, які нарадзіўся і вырас ў Гродзенскай вобласці, памятае вайну. Яна ў яго памяці звязана з дзіцячым страхам і болем. Ён разам з землякамі з вёскі Кутнікі бачыў, як гараць суседнія Шаулічы. Жыхары Кутнікаў баяліся такога ж лёсу, таму пабеглі з вёскі і схаваліся ў высокім жыце. Але ворагі напаткалі і тут, вялі абстрэл з варожага самалёта. Маленькага Тадэвуша цяжка паранілі ў нагу і руку, ён паўгода лячыўся ў бальніцы. «Паспытаў, што такое жахі вайны – ледзь выжыў пасля ранення, таму лічу, што самае галоўнае – гэта мір на зямлі, – кажа юбіляр. – Людзі здольныя пераадолець усе цяжкасці. Варта шчыраваць дзеля дабрабыту краіны, старацца, каб яна была эканамічна моцнай і незалежнай».

Такога прынцыпу Т. М. Тарыма прытрымліваўся ўсё сваё жыццё. Пасля заканчэння Мінскага політэхнічнага тэхнікума ў 1961 годзе быў размеркаваны на торфабрыкены завод «Дабееўскі мох». Працаваў пуцеўкладчыкам, дыспетчарам, майстрам, начальнікам цэха. Торфазавод працаваў кругласутачна. Планы пяцігодкі заўсёды выконвалі датэрмінова. Бывала, начальнік транспартнага цэха непакоіў работнікаў нават ноччу, калі пасля завірухі трэба было расчышчаць снежныя завалы. Тадэвуш Тарыма моўчкі падымаўся, цалаваў жонку і дачку, ішоў на начную работу, садзіўся за штурвал снегаачышчальніка.

Як актывіст, сакратар камсамольскай арганізацыі на заводзе, а затым – партыйнай арганізацыі, ён заўсёды быў гатовы падставіць плячо дапамогі.

У 1987 годзе Тадэвуша Тарыму прызначылі дырэктарам «Дабееўскага моха», пасля рэарганізацыі ён узначаліў механічны завод, дзе выпускалі камплектуючыя для станкоў віцебскага «Вістана».

Т. М. Тарыма быў талковым кіраўніком, які душой хварэў за людзей, стараўся зрабіць усё магчымае для іх дабрабыту. На балансе завода было 26 дамоў, ведамасныя бібліятэка, клуб, сталовая, два дзіцячыя сады, спартзала. Сіламі завода рамантаваліся дарогі, была праведзена каналізацыя да дамоў.

Усё жыццё яго падтрымлівала сям’я. З жонкай Людмілай Ягораўнай разам жывуць 57 гадоў. Выхавалі дачку, ганарацца ўнукамі і ўнучкай. «Для кожнага чалавека вельмі важны надзейны тыл, дзе яго падтрымаюць, зразумеюць, дапамогуць, – кажа Тадэвуш Мацвеевіч. – Гэта ўсё я называю шчасцем».

Юбіляра павіншавалі са святам родныя і блізкія, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава, старшыня райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *