Труд-крут! ці Як правесці канікулы з карысцю
22 красавіка ў Шуміліне прайшоў маладзёжны кірмаш вакансій, на які запрасілі вучняў 9-10 класаў дзвюх гарадскіх школ, Обальскай СШ і Мікіціхінскай СШ. У вялікай зале пасяджэнняў райвыканкама былі арганізаваны выставы з буклетамі, у якіх прадстаўлены вакансіі.
Удзельнікаў кірмашу вітаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Сапо: «Спрабуйце працаваць цяпер, выбірайце прафесіі, вучыцеся і вяртайцеся працаваць на малую радзіму. У раёне работа ёсць у любой сферы. Ведайце – вас тут заўжды чакаюць!».

– Мерапрыемства паводзіцца з мэтай прапанаваць падлеткам работу на час летніх канікул, заахвоціць дзяцей грамадска-карыснай дзейнасцю, – падкрэсліла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава расказала пра асаблівасці арганізацыі працы непаўналетніх, пра парадак працаўладкавання і прадставіла асноўныя вакансіі, якія прапануюць арганізацыі раёна.
Прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў Шуміліншчыны ў сваіх выступленнях расказвалі пра вакансіі – усяго іх каля 40. Работу прапаноўвалі лясгас і ААТ “АграБаравінка”, ТАА “Вежа” і СУП “Лаўжанскае”, ОКЗ і ПМК-70, ЦРБ. Праўда, некаторыя прапаноўвалі работу толькі з 18 год. Выступіла прадстаўніца студатрада ВГУ імя П. М. Машэрава, якая запрасіла паступаць у ВНУ і актыўна падключацца да студатрадаўскага руху.
Цікаўнасць да работы з боку школьнікаў была. Былі тыя, хто ўжо дамовіўся аб працы.
Пасля сустрэчы пацікавіліся ў падлеткаў, чаму яны вырашылі працаваць на канікулах?
Харкевіч Дзмітрый, СШ № 1:
– Хачу адчуць сябе дарослым. Паспрабаваць, што такое праца. Ну, і канешне, зарабіць грошы на свае патрэбы. Буду працаваць у ПМК‑70.
Букаў Ягор, СШ № 1:
– Я выбраў работу ў гадавальніку лясгаса. Па‑першае, гэта для мяне прывычная работа, бо ў нас ёсць агарод, я там працую і не лічу, што гэта вельмі цяжка. Па‑другое, люблю прыроду, лес. На наступны год буду паступаць вучыцца ў іншы горад і хачу зарабіць на ноўтбук, а яшчэ дапамагчы маці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ




