Як суверэнная дзяржава, Рэспубліка Беларусь мае свае дзяржаўныя сімвалы – Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру ў 2/3 шырыні сцяга і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні – 1:2.
Дзяржаўны сцяг пастаянна падняты на будынках органаў улады і некаторых дзяржаўных устаноў, устанаўліваецца ў службовых кабінетах кіраўнікоў гэтых органаў (устаноў), у школах, на выбарчых участках, вывешваецца ў час розных урачыстых мерапрыемстваў. Грамадзяне могуць вывешваць Дзяржаўны сцяг як унутры, так і звонку памяшканняў у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні. Пры гэтым абавязковай умовай з’яўляецца захаванне павагі да Дзяржаўнага сцяга як сімвала дзяржавы.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, выраблены ў настольным варыянце, можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца арганізацыямі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».
Выява Дзяржаўнага герба размяшчаецца на будынках органаў улады і шэрагу дзяржаўных устаноў, унутры службовых кабінетаў іх кіраўнікоў, а таксама на пячатках гэтых органаў, на манетах, пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, што выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве. Аўтарам музыкі дзяржаўнага гімна з’яўляецца беларускі кампазітар Н. Ф. Сакалоўскі, словы напісалі беларускія паэты М. М. Клімковіч і У. І. Карызна.
ПРЭС-СЛУЖБА Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

