О чём рассказывают экспонаты школьного музея СШ №2 г.п. Шумилино

80 лет Великой Победы Край шумілінскі Новости Образование

Адкрыты музей гісторыі СШ №2

Напярэдадні Дня Перамогі, 7 мая, у СШ № 2 імя А. І. Дубасарскага г. п. Шуміліна адбылася значная падзея – адкрыццё музея гісторыі школы.

У гэты дзень у школе наладзілі вялікая свята, у якім былі задзейнічаны ўсе дзеці. Шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы размясціліся на абноўленай тэрыторыі вакол школы і ўнутры яе. Дзеці адгадвалі віктарыну, прысвечаную 80-годдзю Вялікай Перамогі, малявалі крэйдай на асфальце малюнкі пра Перамогу, мір і шчаслівае дзяцінства, чыталі вершы і спявалі песні. У школьных майстэрнях праводзіліся майстар-класы па вырабе бутаньерак “Кветкі Перамогі”, віншавальных паштовак, выпальванні і выпілоўванні вырабаў святочнай тэматыкі. Быў дадзены старт таварыскім сустрэчам па баскетболе і міні-футболе вучняў шумілінскіх СШ № 2 і СШ № 1.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук, выпускнікі школы, прадстаўнікі грамадскасці.

У гэтыя майскія дні памятны знак, прысвечаны лётчыку Анатолю Дубасарскаму, чыё імя носіць школа, атачаюць квітнеючыя яблыні “Сада Перамогі”. Менавіта тут адбыўся мітынг, падчас якога госці і школьнікі ўшанавалі памяць усіх герояў Вялікай Айчыннай вайны, усклалі гваздзікі да мемарыяльнай пліты.

У двары школы адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства, падчас якога Ірына Шалахава нагадала пра тое, што нам трэба беражліва захоўваць нашу гісторыю, памяць і праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, каб перадаць яе наступным пакаленням. Дырэктар школы Жанна Рагуновіч заўважыла, што матэрыялы па гісторыі школы збіраліся многа гадоў, каб нарэшце знайсці сваё месца на музейных стэндах і паліцах. І работа па папаўненні музейнай экспазіцыі будзе працягвацца.

Ірына Шалахава, Аксана Талстая, Жанна Рагуновіч і адзінаццацікласніца Алёна Кузаўкова перарэзалі чырвоную стужку на ўваходзе ў школьны музей. Першымі наведвальнікамі музея сталі госці школы.

У цэнтры музейнай экспазіцыі – школьная парта са старымі падручнікамі і школьнымі прыладамі, школьная форма. У прасторным пакоі сабрана вялікая інфармацыя пра гісторыю ўзнікнення і развіцця школы, пра педагогаў і кіраўнікоў установы адукацыі, пра залатых і сярэбраных медалістаў, знакамітых выпускнікоў. Цікава пададзены матэрыялы пра школьныя традыцыі, калі побач размешчаны старыя фотаздымкі са школьных мерапрыемстваў і фота сучасных школьных падзей.

У “чырвоным куце” – стэнд пра Анатоля Іванавіча Дубасарскага. Важнае месца займае інфармацыя пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, фашысцкі генацыд на тэрыторыі раёна і вызваленне Шуміліншчыны ад ворага. Цікавая музейная экспазіцыя паслужыць патрыятычнаму выхаванню вучняў многіх пакаленняў.

Пасля адкрыцця музея гасцей запрасілі ў актавую залу, дзе адбылася важная падзея – вучняў 4-га класа прынялі ў піянеры: з урачыстым абяцаннем, піянерскім салютам. Ганаровыя госці павязалі вучням піянерскія гальштукі. Для піянерскага папаўнення і гасцей быў падрыхтаваны канцэрт.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *