Делегация Шумилинского района посетила фестиваль фронтовой поэзии в Великолукском районе Псковской области

80 лет Великой Победы Новости Общество

А музы не маўчаць і сёння!

Памяць… Яна захоўвае падзеі, лёсы, учынкі. Вяртае да вытокаў подзвігу, каб мы, нашчадкі Вялікай Перамогі, і праз 80 гадоў з бязмежнай удзячнасцю ўспаміналі тых, хто заплаціў за наша сённяшняе мірнае неба сваім жыццём. Напярэдадні вялікага свята дэлегацыя раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай наведала 41-ы Усерасійскі фестываль франтавой паэзіі «А музы не маўчаць!», які праходзіў у вёсцы Боркі Вялікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў літаратурна-мастацкім музеі імя І. А. Васільева.

Гэты фестываль – не проста даніна памяці загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне, а напамін жывым пра тую цану, якую заплаціў савецкі народ за перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Таму перад пачаткам мерапрыемства члены ваенна-патрыятычнага клуба “Юны гвардзеец”, які дзейнічае на базе СШ № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка, усклалі кветкі да помніка “Смуткуючая”, што ўстаноўлены на месцы пахавання загінуўшых воінаў-вызваліцеляў у вёсцы Боркі. І не было абыякавых сярод тых, хто прыйшоў да святога месца, каб пакланіцца подзвігу салдат, чые імёны вядомыя, і хто невядомы, але не забыты.

Вершы, якія гучалі ў праграме фестываля, вярталі ўдзельнікаў і слухачоў у далёкія гады ліхалецця, калі не толькі зброя, але і палымянае слова, песня знішчалі ворага. Гучалі з імправізаванай сцэны вершы паэтаў з Луганскай Народнай Рэспублікі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пскова, Вялікіх Лук.

Наша дэлегацыя не засталася ў баку ад удзелу. Член клуба “Юны гвардзеец” Захар Сімановіч прачытаў верш Я. Яўтушэнкі “Балада пра штрафны батальён”, а Соф’я Кучко выканала песню “Не бывае неба лепшага”. І для цёплых пачуццяў не трэба было перакладу: усе зразумелі, што чыстае неба Радзімы – самае вялікае багацце кожнага народа.

Незабыўныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў выклікала сустрэча з членамі пошукавых атрадаў, якія ў мірны час на месцах былых баёў у Вялікалуцкім раёне праводзяць пошукавую дзейнасць і вяртаюць з небыцця імёны герояў. Робяць гэтую справу не толькі дарослыя, але і зусім юныя члены атрадаў. Не па загадзе, а па закліку сэрца. Самаму маленькаму “пашукоўцу” ўсяго 8 гадоў.

Знаходзячыся ў Вялікалуцкім раёне, дэлегацыя наведала і мемарыял “Ступінская вышыня”, які ўзведзены ў памяць аб загінуўшых воінах, што ў 1942 годзе штурмавалі гэту вышыню. Цяпер на гэтым месцы брацкія могілкі. І наш абавязак – ушаноўваць памяць пра тых, хто ішоў у бой з думкай пра самых дарагіх і блізкіх, пра Радзіму, хто набліжаў Перамогу, не думаючы пра славу.

Дзіяна КАХТЭНКА,  намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 1  імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *