Больш за 15 тысяч высадзяць работнікі УП ЖКГ Шумілінскага раёна ў Шуміліне.
У Год добраўпарадкавання навядзенню парадку ў населеных пунктах раёна, іх азеляненню і ўпрыгажэнню УП ЖКГ Шумілінскага раёна надае асаблівую ўвагу. Работы распачаліся задоўга да вясны, калі планаваліся пасадкі дэкаратыўных дрэў і кустоў, выбіраліся віды і сарты кветак, якія будуць квітнець на шумілінскіх і обальскіх вуліцах.
– Усяго каля 15 тысяч кветак будзе высаджана на вуліцах райцэнтра. Частка кветак вырошчваецца ў цяпліцах прадпрыемства, частка набываецца ў спецыялізаваных арганізацыях, – расказала майстар па добраўпарадкаванні Вераніка Бутырына. – Так, на цэнтральнай плошчы пасадзілі петуніі і бегоніі, ампельныя петуніі ўпрыгожылі падвясныя кветніцы, на вуліцы Ленінскай ружоўнік каля Свята-Мікалаеўскай царквы дапоўнілі львіным зевам на другім баку вуліцы, па вуліцы Луначарскага будуць квітнець петуніі і астры. Кожная вуліца будзе мець сваё кветкавае афармленне.
Паступова пашыраецца і становіцца больш разнастайным асартымент дэкаратыўных дрэў і кустоў, якія ўпрыгожваюць нашы населеныя пункты. Як расказалі ва УП ЖКГ, толькі ў красавіку на вуліцах Шуміліна і Обалі высадзілі 122 дрэвы і каля 1400 дэкаратыўных кустарнікаў. Так, сквер Воінскай славы ўпрыгожылі рададэндраны і лістоўніцы японскія, вуліцу Суворава – самшыты. На гарадскіх вуліцах з’явіліся вербы серабрыстыя і клёны, розныя віды спірэі і барбарысу, вейгела, сумах, чубушнік, брызгліна (рус. – бересклет), жывыя агароджы з кізільніку. Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо пасадкі працягваюцца ў маі, будуць прадоўжаны восенню.
Кожны з нас можа далучыцца да стварэння прыгажосці – навесці парадак каля сваіх дамоў і пад’ездаў, пасадзіць кветкі і кусты, прасачыць за тым, каб ніхто не псаваў зялёны ўбор на вуліцах нашых пасёлкаў і вёсак.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.




