Агрогородок Кардон готовится принимать районные «Дожинки»

2025 - Год благоустройства Новости Общество

Закасалі рукавы – і за работу

У аграгарадку Кардон, дзе сёлета будуць ладзіцца раённыя дажынкі, актыўна наводзяць парадак. Працуюць работнікі Мікалаеўскага сельвыканкама, КУСГП «Ульскі», Кардонскай сярэдняй школы, мясцовыя жыхары.

Высеклі кусты ўздоўж вуліц Вінера і Цэнтральная, у планах – каля Заходняй Дзвіны, правялі рамонт воінскага пахавання і знака воінам-землякам, расказаў старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама Уладзімір Сядлоўскі. Акрамя таго, сваімі сіламі і сіламі мясцовага насельніцтва знеслі чатыры старыя дамы. Да гэтай работы, нягледзячы на вясенні прыпар, падключыліся і работнікі КУСГП «Ульскі» – зруйнавалі лядашчы дом насупраць канторы, што “рэзаў вока” сваім непрывабным відам. Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Касцюкова, у хуткім часе прыступяць да фарбавання будынка канторы. А на тэрыторыі майстэрні навялі парадак раней, новую агароджу вакол устанавілі яшчэ летась.

Нямала работы па добраўпарадкаванні праведзена работнікамі Кардонскай школы. Так, разам з прадстаўнікамі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый устанавілі ўздоўж вуліцы Школьнай 200 метраў металічнай агароджы, расказала загадчыца гаспадаркі навучальнай установы Галіна Бужынская. Прыбіраюць старую драўляную агароджу з боку падраздзялення УП ЖКГ, дзе таксама будуць ставіць новую. Асноўныя работы ляглі на працавітыя рукі рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў Уладзіміра Голуба. Ён выпілоўваў кусты за школай, фарбаваў стары гараж. У дапамогу – прыбіральшчык тэрыторыі Сяргей Дубко. Наперадзе ў мужчын яшчэ многа работы – рамонт альтанак, замена ўваходных дзвярэй у школу, будаўніцтва лавачкі. Каля школы будуць разбіты клумбы, пабудавана новая спартыўная пляцоўка.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *