У Шуміліне заўтра будзе смяяцца не грэх
Заўтра, 31 мая, Шуміліна прыме XVIII абласное свята гумару «Смяяцца не грэх».
Усіх, хто хоча пасмяяцца і атрымаць пазітыўны настрой, чакае вялікая і цікавая праграма. Як расказалі ў раённым Цэнтры культуры, свята гумару пачнецца ў райцэнтры ў 10.00 шэсцем па вуліцы Кароткіна да гарадскога парку, дзе і адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята выступленнямі творчых калектываў з прывітаннямі і прадстаўленнем вялікай святочнай паштоўкі.
Сёлета чакаецца больш за 300 удзельнікаў, якія прадставяць каля 20 творчых калектываў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны.
У гарадскім парку шумілінцаў і гасцей райцэнтра чакае конкурс гульнявых забаўляльных праграм для дзяцей «Планета дзяцінства». Наш раён у конкурсе прадставіць калектыў Обальскага гарадскога Дома культуры «Дзеці сцэны».
Таксама ў парку разгорнецца выстава-продаж кулінарных вырабаў «По ГОСТу». Шуміліншчыну традыцыйна прадставіць народны калектыў беларускай нацыянальнай кухні і фальклору «Разынка» філіяла РЦК «Шумілінскі дом рамёстваў». Арганізатары папярэдзілі, што на выпадак дажджу прадугледжана правядзенне конкурсу ў спартыўнай зале ФАЦа ў парку, а выставы-продажу – у фае РЦК.
Конкурсныя выступленні тэатраў мініяцюр і індывідуальных выканаўцаў пачнуцца на галоўнай сцэне РЦК у 12.00. Шумілінскі раён прадставіць уладальнік Гран-пры 2023 года народны тэатр мініяцюр «Буфф». Калектыў шмат разоў заваёўваў Гран-пры конкурсу. Сёлета на суд гледачоў і журы «Буфф» прадставіць праграму «Бульбашы на кірмашы».
Калі вы хочаце добра адпачыць, весела правесці суботні дзень усёй сям’ёй, абавязкова прыходзьце на свята «Смяяцца не грэх». Забавы знойдуцца і дзецям, і дарослым. Сумаваць дакладна не прыйдзецца.
КРЫХУ ГІСТОРЫІ
Гэтае свята вельмі прэстыжнае ў работнікаў устаноў культуры Віцебшчыны. Яно нарадзілася ў 1991 годзе, а з 1997 года прапісалася ў Шуміліне. Раз у два гады тэатры мініяцюр устаноў культуры вобласці, індывідуальныя выканаўцы збіраюцца ў Шуміліне, каб паспаборнічаць за Гран-пры і прызавыя месцы ў няпростай справе жартаў і гумару.

Вельмі нялёгка рассмяшыць гледачоў, яшчэ больш складана задаволіць строгае журы, якое прыдзірліва ацэньвае кожнае выступленне, кожную рэпрызу, кожны выраз выступоўцаў.

Спачатку свята гумару праходзіла ў лістападзе, пасля перамясцілася бліжэй да 1 красавіка – Дня смеху. У 2019 годзе было вырашана перанесці яго на больш цёплы час, каб пашырыць прастору, перанесці выступленні на адкрытыя пляцоўкі.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ

