У мошенников новые схемы — «не ведитесь!»

Общество Происшествия

У махляроў новыя схемы – “не вядзіцеся”!

На якія толькі хітрыкі не ідуць махляры, каб завалодаць чужымі грашыма. Кожны раз прыдумваюць новыя схемы, на якія “вядуцца” людзі. Толькі за апошні тыдзень мая былі зарэгістраваны дзве спробы кіберзлачынстваў, расказалі ў РАУС.

Жыхарцы райцэнтра патэлефанаваў на вайбер “супрацоўнік МТС” і паведаміў, што заканчваецца тэрмін дзеяння дагавору. Удакладнілі, што ёсць усе пашпартныя дадзеныя жанчыны, таму ёй перааформяць дагавор нанова. На гэтым размова закончылася. А праз некалькі хвілін раздаўся яшчэ адзін званок. Супрацоўнік Дэпартамента фінансавых даследаванняў паведаміў, што махляры адкрылі банкаўскую картку на імя жанчыны (ім вядомы яе пашпартныя дадзеныя) і перавялі на рахунак незаконныя грошы. Таму да жанчыны хутка прыйдуць прадстаўнікі праваахоўных органаў з вобыскам, бо яе даход незадэклараваны. Каб не пазбавіцца грашовых сродкаў, трэба іх пакласці на банкаўскі рахунак, запэўнілі “супрацоўнікі” па тэлефоне.

Першае, што адчула жанчына пасля такіх перагавораў і запужванняў – страх і роспач (пра гэта яна пасля раскажа міліцыянерам). Разважаць не было часу, побач не было блізкага чалавека, да якога можна было звярнуцца за парадай. Таму жанчына, не думаючы, накіравалася з усімі зберажэннямі ў банк. Усю дарогу думала і толькі перад касай, калі ўжо збіралася класці грошы на рахунак, яе “асяніла” – можа, гэта ёй махляры тэлефанавалі?

Жанчына звярнулася ў міліцыю – і правільна зрабіла. Як высветлілася, ніякія “супрацоўнікі дэпартамента” ёй не тэлефанавалі, у абодвух выпадках гэта былі махляры, якія такую заблытаную схему прыдумалі, каб запужаць чалавека. Міліцыянеры патлумачылі жанчыне: калі б яна адкрыла банкаўскі рахунак (а заадно дадатак інтэрнэтбанкінгу), у яе б махляры выведалі пароль і логін. Зняць пасля гэтага грошы, як кажуць, справа тэхнікі.

Другі выпадак спробы кіберзлачынства падобны. Толькі побач з жанчынайбыла дачка, якая проста параіла: “Мама, не размаўляй, кладзі трубку!”. Маці так і зрабіла, і справа да банкаўскіх рахункаў не дайшла.

Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Максім Васільеў у чарговы раз нагадаў:

«Супрацоўнікі МТС ніколі не тэлефануюць на вайбер. А калі тарыфны план закончыўся, дашлюць смс-паведамленне ці аўтаматычна пераключаць на другі тарыф. Грошы, якія знаходзяцца ў вашым карыстанні, дэклараваць не трэба (такая патрэба ёсць толькі пры перасячэнні мяжы рэспублікі). І нарэшце, супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых даследаванняў дзяржакантролю правяраюць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а вось да фізічных асоб не маюць ніякага дачынення. Пра ўсе падазроныя званкі паведамляйце ў міліцыю па тэл. 102».

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *