Отдыхать? Нет, работать! Работа для школьников на каникулах

Главное Молодёжь Образование

Адпачываць?  Не, працаваць!

 Пытанне “Чым заняць дзяцей на летніх канікулах?” штогод паўстае перад бацькамі. Адправіць у лагер ці ў вёску да бабулі? Ці прапанаваць заняцца карыснай справай? Як варыянт, адной з форм занятасці з’яўляецца работа ў рамках праграмы другаснай занятасці, на якую штогод выдаткоўваюцца сродкі з бюджэту.

“Сёлета па праграме другаснай занятасці вучнёўскай моладзі выдзелена 35 тысяч рублёў. Плануецца ахапіць больш за 100 школьнікаў. Падлеткі будуць заняты на добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, пасадцы дрэў і кустоў, доглядзе за пасадкамі, у рэстаўрацыі кніжнага фонду бібліятэк, вырабе сувенірнай прадукцыі, рамонце школьнай мэблі і іншых відах работ”, – расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава.

Акрамя гэтага, расказалі ва ўпраўленні, плануецца індывідуальнае працаўладкаванне вучняў у арганізацыях раёна за ўласныя сродкі арганізацый. Пералік арганізацый і вакансій, якія яны прапануюць моладзі, можна знайсці, паглядзець і спампаваць на сайце Шумілінскага райвыканкама https:// www.shumilino.vitebsk-region.gov.by ва ўкладцы “Вакансіі” – “Пералік арганізацый, гатовых у летні перыяд 2025 года прымаць на работу моладзь”. У спісе больш за 45 вакансій на ліпень-жнівень у такіх арганізацыях, як Шумілінская ПМК-70, Шумілінскі лясгас, Обальскі керамічны завод, сельгасарганізацыі. Падработку могуць знайсці і студэнты, бо некалькі вакансій прызначаны для асоб, якім споўнілася 18 год.

Карэспандэнт газеты пабываў у СШ № 2 г. п. Шуміліна, дзе першымі пачалі працаваць па праграме другаснай занятасці. Як расказала дырэктар школы Жанна Рагуновіч, у школе за кошт другаснай занятасці вырашылі пашырыць пладовы сад. У 2016 годзе быў закладзены “Сад Перамогі”, пасаджана 20 яблынь ад шэфаў – Шумілінскай ПМК-70. На наступны год дадалі яшчэ 10 яблынь, у 2022 годзе пасадзілі 10 яблынь гатунку «Прэзідэнт». Мінулай восенню сад папоўніўся кустамі чорных парэчак.

“Сёлета вырашылі пасадзіць грушы, чарэшню і дадаць кустоў парэчак, – падзялілася падрабязнасцямі Жанна Іванаўна. – Спецыяльна выбіралі сярэднія і сярэдне-познія гатункі, каб паспявалі ў верасні, калі дзеці прыходзяць у школу, і маглі захоўвацца. Садавіна выкарыстоўваецца ў дзіцячым харчаванні, што дазваляе рабіць яго больш разнастайным і танным”. Акрамя пасадкі і догляду за садам вучні займаюцца добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, у прыватнасці, стрыжкай жывой агароджы.

Другасная занятасць дапамагае ў працоўным выхаванні падлеткаў, дае дзецям навыкі працоўнай дзейнасці, павышае самаацэнку, дазваляе адчуць адказнасць і задавальненне ад першых заробкаў.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *