Работа со знаком качества. Механизатор Александр Клецков

Главное Общество Сельское хозяйство

Ад  світання  да  вячэрняй  расы

 У народзе кажуць, што сапраўдны араты не той, хто проста пераворвае глебу, а той, хто яшчэ і любуецца якасцю праведзенай работы. Сярод такіх – механізатар  КУСГП «Ульскі» Аляксандр КЛЯЦКОЎ,  чыё прозвішча сёлета занесена  на раённую Дошку гонару.

«Такой узнагароды Аляксандр заслужыў сваёй працавітасцю, сумленнасцю, сур’ёзным стаўленнем да справы, – кажа намеснік дырэктара гаспадаркі Валянціна Лабейка. – Працуе на даверы, майстар на ўсе рукі».

У Аляксандра Кляцкова сёлета юбілей – дзесяць гадоў як працуе ў гаспадарцы. Прыйшоў сюды з обальскага торфапрадпрыемства і ніколькі не пашкадаваў. На работу дабірацца хутчэй (жыве ў Шыліне), працуе на звыклым МТЗ з рознымі прычапнымі агрэгатамі. Кожную вясну Аляксандр апрацоўвае глебу, рыхтуе яе да сяўбы – рупіцца з плугамі і баронамі. І цяпер, калі палеткі засеяны, калі дружна ўзышлі яравыя зерневыя і кукуруза, механізатар не можа не залюбавацца імі. З гордасцю адзначае, што там ёсць часцінка і яго працы.

З Аляксандрам Кляцковым мы сёлета сустракаліся неаднойчы. І калі сельгаспрадпрыемствы раёна пачалі рыхтаваць тэхніку да сяўбы, у перадавых гаспадарках быў “Ульскі”. Кіраўніцтва хваліла Аляксандра Кляцкова, які самастойна даводзіў да ладу свой трактар – перабраў рухавік не горш як на маторарамонтным заводзе, адрамантаваў на МТЗ-1221 вал адбору магутнасці. І так кожны год – Аляксандр як след даглядае трактар, які дастаўся ў спадчыну ад брата Юрыя. Тэхніка ёсць тэхніка – патрабуе догляду і рамонту.

Пасля невялікага перапынку пасля сяўбы Аляксандр Кляцкоў зноў задзейнічаны на касавіцы. У мінулым годзе ў гаспадарку закупілі новую касілку з шырынёй захопу 3,4 метра і даверылі яе аднаму з лепшых рупліўцаў – Аляксандру Кляцкову. Нядаўна ён працаваў ва ўрочышчы Светласельскі, дапамагаў на касьбе ААТ «АграБаравінка». За дзень на яго рахунку па 10-15 гектараў скошанай травы.

У канцы ліпеня Аляксандр Кляцкоў перасядзе на зернеўборачны камбайн, які ўжо рыхтуе да жніва. Прызнаецца, што гэта работа вельмі падабаецца. У свой час настаўнікам Аляксандра быў вопытны механізатар Сяргей Мікалаевіч Ціханенка. А цяпер ён і сам каго хочаш навучыць. Два гады таму, напрыклад, працаваў разам з пляменнікам жонкі Уладам Івановым – абучаў хлопца нюансам справы камбайнера. Ні раннім пад’ёмам, ні доўгімі рабочымі буднямі не спужаеш Аляксанра Кляцкова. Ён любіць тэхніку, любіць працаваць на зямлі, яму падабаецца вясковы ўклад жыцця. У свой час разам з жонкай трымалі ажно восем кароў, цяпер на падворку ёсць парася і куры.

Калегі Аляксандра паважаюць яго за надзейнасць і прафесіяналізм . Любоў да механізатарскай справы прывіў і свайму сыну Артуру – не выпадкова ж ён пайшоў вучыцца на механізатара ў Гарадок. Хто ведае, магчыма, у наступным годзе вернецца ў “Ульскі” і будзе рупіцца разам з бацькам. Па крайняй меры, Аляксандру вельмі гэтага хочацца.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *