На парадку дня – абкос

Адна з важных задач па навядзенні парадку сёння – гэта абкос. З мотакосамі можна ўбачыць жыхароў раёна ля многіх дамоў, прадпрыемстваў і арганізацый.
У гэтым накірунку працуюць і сельвыканкамы. Зразумела, тэрыторыі сельсаветаў вялікія, усё не абхопіш у адзін дзень. А ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адкамандзіраваны на часовую работу толькі па аднаму-два чалавекі. Не паспяваюць, бо трава расце хутка.
На гэтым тыдні абкос вёўся ў в. Язвіна. Тут мы сустрэліся са старшынёй Светласельскага сельсавета Валерыем Шчамялёвым. «У маі да нас накіроўвалі з РАУС па 2-3 чалавекі, якія асуджаны да грамадскіх работ, а ў чэрвені мы працаўладкавалі ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, – расказаў Валерый Аляксандравіч. – Працуюць мужчыны з трымерамі добра. С 7 гадзін раніцы да абеду абкошваюць па дваццаць сотак кожны. Тым не менш не паспяваем так хутка, як хацелася б. Абкасілі Башні і Лескавічы, цяпер вось пераехалі ў Язвіна. Дарэчы, у Башнях нам дапамаглі механізатары ААТ “АграБаравінка”, у Лескавічах і Хацілаве – ДРБУ‑204. У мінулую суботу ў Язвіне працавалі прадстаўнікі лясгаса, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, сектара культуры райвыканкама, вузла электрасувязі».
У час нашага знаходжання ў Язвіне сюды таксама прыехалі памочнікі з аддзела па адукацыі райвыканкама, раёна электрасетак. «Дапамагаю па абкосе ў Язвіне ў другі раз, – расказаў слесар раёна газазабеспячэння Сяргей Бабарыкін. – Работнікі нашага прадпрыемства ўмеюць усё, вось і я з трымерам упраўляюся каторы сезон». «Трэба дапамагаць, гэта ж наш раён, наша радзіма, – лічыць кабельшчык-спайшчык вузла электрасувязі Мікалай Мясаедаў. – На днях свой участак абкасіў, цяпер вось у Язвіне папрацуем».
Старшыня Светласельскага сельсавета Валерый Шчамялёў шчыра ўдзячны ўсім памочнікам за дапамогу. Запэўніў, што касцы даедуць у кожны населены пункт. Але ж не адразу, не за адзін тыдзень, бо іх не хапае. Да таго ж работа з трымерам нялёгкая – гэта ведае кожны, хто хоць аднойчы займаўся абкосам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


