Торбеевы, отзовитесь! Пастор из Новой Зеландии ищет родственников в Шумилинском районе

Край шумілінскі Общество

Пастар з Новай Зеландыі шукае сваіх родзічаў у Шумілінскім раёне
Кліч продкаў, кліч крыві… Колькі разоў я чуў гэтыя ўстойлівыя выразы, якія сведчаць не толькі пра роднасныя сувязі, але і пра пераемнасць пакаленняў. Але ніколі яшчэ я не бачыў таго чалавека, якога б сямейная гісторыя, кроўныя вузы сапраўды паклікалі на некалі родныя мясціны і прывялі б у Шумілінскі раён…
Гэтая гісторыя пачалася ў красавіку 2018 года, калі на адрас сваёй электроннай пошты я, гісторык, атрымаў пісьмо ад пастара англійскай царквы з Новай Зеландыі. Пітэр, а менавіта так яго завуць, пасля невялікага аповеду пра сябе паведаміў, што яго продкі па лініі маці – Тарбеевы, патомныя дваране, да 1917 года ўладальнікі маёнтка ў Гарадоцкім павеце Віцебскай губерні. Прадзед Пітэра Іван Міхайлавіч Тарбееў пераехаў у Новую Зеландыю яшчэ да 1917 года ўслед за дачкой Марыяй Іванаўнай, бабуляй Пітэра, якая выйшла замуж за англічаніна і паехала за мужам. У Гарадоцкім раёне засталіся родны брат Івана Георгій Міхайлавіч Тарбееў, 1877 года нараджэння, і дзве сястры – Марыя Міхайлаўна, 1863 года нараджэння, і Надзея Міхайлаўна, 1866 года нараджэння, – абедзве Тарбеевы.
Бабуля Пітэра расказвала ўнуку, што іх маёнтак называўся Екацярынгоф, але ў якой менавіта воласці Гарадоцкага ўезду ён знаходзіўся, Пітэр не ведаў і папрасіў мяне дапамагчы знайсці звесткі пра маёнтак Тарбеевых, а таксама інфармацыю пра саміх Тарбеевых, сувязь з якімі ў прадзеда Пітэра абарвалася пасля 1917 года…
Пасля працяглых пошукаў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі мне ўдалося знайсці падрабязнае апісанне маёнтка Екацярынгоф (інвентар) за 1846 год. Дакумент пацвердзіў словы Пітэра – маёнтак сапраўды належаў Тарбеевым. Выявіліся і новыя факты: маёнтак Екацярынгоф знаходзіўся ў Мішневіцкай воласці Гарадоцкага павета і ўключаў у сябе тры вёскі – Пузанова (так у тэксце апісання), Мішкі і Паддуб’е.
Інвентар таксама ўтрымліваў падрабязнае апісанне маёмасці маёнтка, колькасці зямлі, якая знаходзілася ва ўласнасці Тарбеевых. Дакумент падрабязна апісваў узаемаадносіны памешчыкаў і сялян (прыгоннае права адменяць у Расіі праз 15 год).
Далей па гістарычных дакументах удалося прасачыць лёс маёнтка. Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе частка зямлі з вёскамі, якія на ёй знаходзіліся, адышла да сялян. У даведніку “Спіс населеных месцаў Віцебскай губерні за 1906 год” маёнтак Екацярынгоф таксама ёсць, належыць ён, згодна з інфармацыяй даведніка, палкоўніку Міхаілу Тарбееву (прапрадзеду Пітэра), у яго склад уваходзяць два двары, у якіх пражывае 7 членаў сям’і Тарбеевых.
Затым 1917 год…
Па ўспамінах прадзеда Пітэра, маёнтак Екацярынгоф разам з зямлёй (на 1906 год ва ўласнасці Тарбеевых крыху больш за 185 гектараў) быў нацыяналізаваны бальшавікамі. Па падатковых дэкларацыях 1919 года мне ўдалося ўстанавіць, што Тарбеевы пражываюць у фальварку Екацярынгоф, які ўяўляе сабой аднапавярховы дом, старэйшым у сям’і названы Георгій Міхайлавіч Тарбееў, разам з якім пражываюць 7 членаў сям’і.
А ў жніўні 1919 года Георгій Тарбееў звяртаецца ў Гарадоцкі павятовы аддзел адукацыі з просьбай назначыць яго школьным работнікам у рабочую школу 1 ступені ў вёсцы Паддуб’е Сіроцінскага сельскага савета. Георгій Міхайлавіч у сваім звароце, які сёння захоўваецца ў дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці, паведамляе, што сям’я іх бедная, прыватнай уласнасці яны не маюць, што ён жадае працаваць у школе, бо яго кваліфікацыя дазваляе выкладаць геаграфію, рускую мову, а таксама дысцыпліны, звязаныя з сельскай гаспадаркай. У гэтым жа звароце ён піша наступнае: яму 48 год, халасты, пражывае на хутары Екацярынгоф, мае на ўтрыманні дзвюх сясцёр (мяркую, Марыю Міхайлаўну і Надзею Міхайлаўну), а таксама двух пляменнікаў. З аддзела адукацыі прыходзіць пісьмо, у якім паведамляецца, што Тарбееў Г. М. абраны школьным работнікам Паддубскай школы Мішневіцкай воласці з 1.09.1920 года па 1.09.1923 года.
Далей сляды Георгія Міхайлавіча Тарбеева губляюцца. У матэрыялах Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1926 года хутар Екацярынгоф значыцца, але Тарбеевых сярод спісу жыхароў няма. Тарбеевы ёсць у суседніх вёсках Бываліна і Выгаркі.
Калі Пітэр даведаўся, што ўдалося вызначыць дакладнае месца знаходжання маёнтка Екацярынгоф і некалі належаўшых сям’і вёсак, ён прыняў рашэнне наведаць Беларусь, каб убачыць тыя самыя месцы, дзе нарадзіліся і выраслі ягоныя продкі. 6 верасня Пітэр прыляціць у Мінск, а пазней наведае Шумілінскі раён і тры вядомыя яму вёскі: Палзунова, Мішкі і Паддуб’е. Пітэр кажа, што хоча ўбачыць на свае вочы гэтыя мясціны, пахадзіць па гэтай зямлі, пакланіцца памяці продкаў.
Пітэр ведае, што ў Шумілінскім раёне сёння пражывае многа Тарбеевых, але ён шчыра спадзяецца, што факты, выкладзеныя ў гэтым артыкуле, прывядуць яго менавіта да яго родзічаў, да ягоных Тарбеевых.
Калі ў вас ёсць знаёмыя Тарбеевы (ці Торбеевы), калі ласка, дайце пачытаць ім гэты артыкул. Магчыма, камусьці з іх бабуля ці дзед расказвалі пра Георгія Міхайлавіча Тарбеева, настаўніка геаграфіі ці рускай мовы Паддубскай сярэдняй школы. Можа, хто-небудзь з прадстаўнікоў старэйшага пакалення памятае кагосьці з названых у артыкуле Тарбеевых. Магчыма, нехта з чытачоў ведае, дзе стаяў дваранскі дом Тарбеевых, а стаяў ён недзе непадалёк ад указаных вёсак і ўключаў яшчэ 13 сельскагаспадарчых аб’ектаў.
Калі ў вас будзе важная інфармацыя пра гэтую сям’ю, калі ласка, паведаміце яе ў рэдакцыю, а мы перададзім яе Пітэру. Хто ведае, можа менавіта дзякуючы нам Тарбеевы з Новай Зеландыі і Тарбеевы з Беларусі сустрэнуцца ў гэты сімвалічны год – Год малой радзімы…
Аляксей ВАЙТКУН, гісторык.
Надрукавана ў №62 ад 14.08.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *