«Женщина года Шумилинщины» Ефимия Сенькова: «Что главное в жизни? Семья. Доброта. И сама жизнь»

Актуалии Общество

Што галоўнае ў жыцці? –
Сям’я. Дабрата. І само жыццё

Наша сённяшняя гераіня, якой сёлета прысвоена ганаровае званне “Жанчына года Шуміліншчыны”, – Яфімія Мяленцьеўна Сянькова, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). 25 год яна займаецца сацыяльнай работай, прычым, непасрэдна рашае практычныя праблемы людзей, якім без дапамогі сацыяльнай службы проста не выжыць.
Галоўная якасць, па якой яна ацэньвае чалавека, – дабрата. Усё астатняе, лічыць, – другаснае. Дабрата расціць дзіця, мацуе сям’ю, дабрата – галоўная апора чалавека па ўсім жыцці, тым больш у сталым узросце.
– А ці кожнаму хапае дабраты, ці кожны можа падзяліцца ёю з другімі?
– Не кожны, – кажа Яфімія Мяленцьеўна, – у нашай рабоце патрэбны вялікі запас душэўнай шчодрасці, унутранай патрэбы дапамагчы слабаму, старому. А калі сам чалавек спустошаны, што ён дасць другому? Але выпадковыя людзі ў нас доўга не затрымліваюцца.
– Насельніцтва раёна старэе, і ўсё больш з’яўляецца тых, каму патрэбна ваша дапамога. З якіх крыніц вы сілкуеце свой калектыў, адкуль бераце кадры?
– Пытанне складанае і праблемнае, то ў адным, то ў другім месцы мы адчуваем кадравы парыў, шукаем людзей, рыхтуем, вучым. Затое калі чалавек душой спасціг, што сацыяльная работа – гэта не проста фізічная дапамога, а нешта намнога большае, калі ён зразумеў, што аддаючы, ты ўзбагачаешся сам, тады ён затрымаецца надоўга і зробіць, здавалася б, немагчымае. Гэта не проста словы. Вы ж знаёмы з Нэлай Барысевіч з Мікалаеўскага сельсавета, наша раённая газета не аднойчы пісала пра яе. І вы ведаеце, як яна працуе, колькі робіць для людзей. Не лічыцца з часам, не шкадуе свайго аўтапарка (а ў яе ўжо і скутар, і “Ака”, і матацыкл), да ўсіх даедзе, усё давязе, дапаможа, падзеліцца сваім аптымізмам і сардэчнасцю, ад чаго гэтыя якасці ў ёй самой не змяншаюцца, а толькі растуць. Дарэчы, сёлета Нэла Станіславаўна заслужыла званне лепшай па прафесіі. Ды і не адна яна такая. Многія ў Шуміліне ведаюць і паважаюць Надзею Іванаўну Грузневіч і Галіну Анатольеўну Котаву. Яны таксама працуюць даўно і ад усёй душы, за што мы атрымліваем вялікую ўдзячнасць ад іх падапечных, сярод якіх нямала інвалідаў. У сваёй душэўнасці яны чэрпаюць сілы.
– Колькі чалавек вы зараз абслугоўваеце?
– Сёння ў нас 64 сацыяльныя работнікі і тры інспектары па асноўнай дзейнасці. Мы працуем па ўсім раёне, пад нашай апекай 509 чалавек, дарэчы, 73% з іх – людзі старэй за 70 год, больш за 70 чалавек – інваліды першай і другой груп. У сярэднім на аднаго сацыяльнага работніка прыходзіцца па 8 падапечных.  І людзі чакаюць, што пры любым раскладзе і прыродных з’явах сацыяльны работнік прыйдзе, прынясе лекі, прадукты, расчысціць сцежку да хаты, насячэ трэсак для распальвання печы, прыбярэ ў хаце… ды яшчэ выслухае ўсё, што ў адзіноце чалавеку набалела: пра дзяцей-унукаў, пра тое, якое калісь было добрае жыццё, а цяпер усё ідзе пад адхон…І так з дня ў дзень.
– У якой частцы раёна больш за ўсё запатрабавана ваша дапамога і дзе сацыяльнаму работніку даводзіцца пераадольваць самыя вялікія адлегласці?
– Дапамога больш запатрабавана ў Обалі і Обальскім сельсавеце. А самыя вялікія кіламетражы нашы работнікі накручваюць у Каўлякоўскім, Мікалаеўскім і тым жа Обальскім сельсаветах.
– Гэта самая вялікая складанасць у рабоце?
– І гэтая, і шмат іншых. Да некаторых мы гатовы, напрыклад, да сюрпрызаў надвор’я. Але кожны дзень можа ўзнікнуць нешта новае: позна прывезлі тавар у магазін (часта такое бывае ў Крывым Сяле, у Казьянах), і сацыяльнаму работніку трэба назаўтра зноў ісці да чалавека, несці прадукты. Ці, напрыклад, падапечны не адчыняе дзверы, і што там за дзвярыма нас чакае? У такіх выпадках звяртаемся да міліцыі, да медыкаў, самі разумееце, людзі пажылыя, і мы павінны быць гатовымі да лагічнага завяршэння жыцця. Але гэта цяжка. Бо за доўгі час ты душой прыкіпеў да чалавека, зрадніўся. Бывае, прыходзіцца некага з работнікаў адпойваць валяр’янкай ды карвалолам, супакойваць. Таму прыходзіцца быць і за псіхолага.
– А што на рабоце больш за ўсё напружвае, стамляе?
– Паперы. Я не люблю працаваць з паперамі, люблю жывую работу з людзьмі.
– Чыёй ацэнкай сваёй работы вы асабліва даражыце?
– Думкай сваіх кліентаў.
– Што галоўнае ў жыцці?
– Сям’я. Дабрата. І само жыццё.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №99 ад 20.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *