Нясумнае краязнаўства Алы Бубен
Пошукава-даследчая работа бібліятэкара Дабейскай сельскай бібліятэкі Аллы Бубен«Зорачкі» роднага краю. Гісторыя вёсак Дабейскага сельскага Савета» за 2024 год заняла ІІ месца ў абласным этапе ХХХІІІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую работу».
Краязнаўства – усебаковае дэталёвае вывучэнне пэўнага раёна краіны, уключаючы гісторыю роднага краю, геалагічныя асаблівасці мясцовасці, экалогію і г. д. Гісторыя роднага краю даследуецца, аднаўляецца і захоўваецца звычайна землякамі. Краязнаўца – вышуквальнік разнастайнай інфармацыі аб роднай зямлі, які выкарыстоўвае разнастайныя крыніцы і методыкі іх вывучэння з асэнсаваннем значнасці здабытай інфармацыі, разуменнем яе месца ў гістарычнай рэтраспектыве.
З пошукам інфармацыі звязаны многія прафесіі. Гэта гісторык, журналіст, музейны работнік, археолаг і г. д. Але асабліва актуальны дадзены накірунак для бібліятэкараў, як захавальнікаў інфармацыі. На падставе глыбокага вывучэння дадзеных з розных крыніц яны сістэматызуюць іх у даступную форму і даводзяць да чытачоў-землякоў праз правядзенне гісторыка-краязнаўчых мерапрыемстваў, важных падзей гістарычнага мінулага і сучаснасці сваіх населеных пунктаў, лёсаў цікавых і значных людзей.
Адным з такіх краязнаўцаў, якія дасягнулі значных вынікаў па дэталёвым вывучэнні мясцовасці, з’яўляецца Ала Мікалаеўна Бубен, бібліятэкар Дабейскай сельскай бібліятэкі. Яе пошукава-даследчая работа «Зорачкі» роднага краю. Гісторыя вёсак Дабейскага сельскага Савета» за 2024 год заняла ІІ месца ў абласным этапе ХХХІІІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую работу».
Пры падрыхтоўцы работы былі сабраны ўспаміны і апавяданні старажылаў вёсак, выкарыстоўваліся сямейныя фотаархівы, архіўныя матэрыялы Дабейскага сельскага Савета, дакументы дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці. У ходзе работы адноўлена кароткая гісторыя 29-ці вёсак Дабейскага сельсавета.
А. М. Бубен супрацоўнічае з Дабейскім сельскім выканаўчым камітэтам па пошуку новых матэрыялаў і папулярызацыі краязнаўчых ведаў. Найбольш папулярнай формай работы стаў краязнаўчы квэст. Гэта сучасная і папулярная гульня, якая ўключае ў сябе прасоўванне ўдзельнікаў па вызначаным маршруце і патрабуе ад ігракоў рашэння лагічных задач і абавязковых ведаў. У часопісе «Бібліятэка прапануе» ў № 11 за 2024 год надрукаваны сцэнарый краязнаўчага квэста Алы Бубен «У падарожжа па роднай зямлі адпраўляючыся…», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзю ўтварэння Шумілінскага раёна і Дабейскага сельсавета.
Ала Мікалаеўна Бубен асобна вядзе пошукавую дзейнасць па воінскім брацкім пахаванні (ўліковы нумар 4235 у в. Дабея). Была праведзена вялікая работа па ўдакладненні дадзеных 270-ці загінуўшых воінаў і партызан. У рабоце выкарыстоўваліся дадзеныя інтэрнэт–рэсурсаў «Памяць народа», праект «Партызаны Беларусі», абагульнены банк дадзеных «Мемарыял».
У 2012 годзе бібліятэкар стварыла ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» групу «Дабея. Землякі. Дабейскі край», у якой дзеліцца краязнаўчымі знаходкамі і карыснай інфармацыяй. На дадзены момант у групе зарэгістравана 689 падпісчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Швецыі, Германіі і іншых краін. Ведучы перапіску са сваякамі загінуўшых воінаў, Ала Мікалаеўна атрымала чатыры фотаздымкі герояў, увекавечаных на Дабейскім брацкім пахаванні (Бруеў А. П., Дзіковіч А. І., Пяршаеў М. П., Яравінскі Я. І.). Дзякуючы гэтай рабоце людзі з блізкага замежжа знайшлі, дзе пахаваныя іх сваякі, і ў іх з’явілася магчымасць прыехаць на месца іх пахавання.
Праца А. М. Бубен у гэтым накірунку не засталася незаўважанай. У 2025 годзе яна ўзнагароджана Падзякай ад Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі за вялікі ўклад у справу захавання памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны і актыўную грамадзянскую пазіцыю і Падзячным лістом старшыні Клінскага гарадскога аддзялення міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Саюз дэсантнікаў» Маскоўскай вобласці за клопат у пошуках Пяршаева Міхаіла Паўлавіча, за выхаванне духу патрыятызму ў падрастаючага пакалення, за догляд і падтрыманне помніка воінам і правядзенне мерапрыемстваў.
У кожнага краязнаўца свой шлях да гэтай высакароднай, але вельмі адказнай і карпатлівай працы, якая забірае амаль увесь вольны час. Хочацца пажадаць ад усяго калектыву Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Але Мікалаеўне Бубен прадаўжэння яе такой патрэбнай працы і пошуку новых краязнаўчых звестак, якія стануць важным і неад’емным элементам у працэсе генеалагічных даследаванняў, дазволяць глыбей зразумець карані сям’і і гісторыю продкаў.
Ірына БАРЫСЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Шумілінскай ЦБС

