Аляксандр Шумінскі – лепшы ідэолаг-кадравік
Намеснік начальніка Шумілінскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Шумінскі перамог у асабістым заліку на XI рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод супрацоўнікаў кадравых падраздзяленняў аддзелаў унутраных спраў.
«Сімвалічна, што ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў прайшло на Кургане Славы, мерапрыемства па ўзнагароджанні – у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна», – падзяліўся падрабязнасцямі Аляксандр Шумінскі. – Па выніках папярэдняга адбору мяне ўключылі ў склад каманды вобласці. Каманда ўзяла першае месца. Спаборніцтвы праходзілі на працягу чатырох дзён у Раўбічах. Кожны дзень нас чакалі новыя іспыты. Прайшлі тэсціраванне на веданне законаў і нарматыўных дакументаў, паказалі здольнасці ў агнявой, страявой і фізічнай падрыхтоўках, у прыёмах самаабароны. Распрацоўвалі агітацыйныя лістоўкі, здымалі відэаролік, паказвалі прэзентацыю каманды ў форме міні-тэатральнай пастаноўкі. На кожным этапе падлічваліся поспехі кожнага члена каманды».
Аляксандр Шумінскі прызнаўся, што не думаў пра перамогу ў асабістым заліку, бо працаваў у першую чаргу на камандны вынік. Што адчуваў пасля аб’яўлення прозвішча пераможцы? Зразумела, радасць і задавальненне – гэта першая яго перамога на рэспубліканскім узроўні. А ішоў да яе праз паўтара кіламетра бегу, баявыя прыёмы барацьбы, бар’еры і лабірынты падчас эстафеты. Першай, каму патэлефанаваў і падзяліўся перамогай, была сям’я: сын і жонка. Пасля пачаліся шматлікія віншаванні ад калег, сяброў, знаёмых.
За перамогу Аляксандр Шумінскі атрымаў дыплом і медаль.
ДА СЛОВА.
Аляксандр Пятровіч Шумінскі служыць у міліцыі з сакавіка 2006 года. На пасадзе намесніка начальніка – з кастрычніка 2016 года.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

