Здароўе дзіцяці – самае каштоўнае
Сапраўдным падарункам да Дня Незалежнасці стала адкрыццё педыятрычнага аддзялення ў Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Шумілінскай ЦРБ пасля рамонту адкрылі педыятрычнае аддзяленне. Удзел у значнай падзеі для рэгіёна прынялі старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Будневіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 Міхаіл Вішнявецкі, галоўны ўрач ЦРБ Святлана Лінкевіч, работнікі ўстановы.
«Сёння гістарычны дзень для раёна і сотняў сем’яў, дзе растуць дзеці. Адкрыццё абноўленага педыятрычнага аддзялення – не проста ўвод у эксплуатацыю новых квадратных метраў, гэта якасна новы ўзровень медыцынскай дапамогі нашым самым маленькім і самым дарагім пацыентам. Здароўе дзяцей – самае галоўнае, – адзначыла Святлана Лінкевіч падчас адкрыцця і шчыра падзякавала кіраўніцтву раёна і галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама за падтрымку, увагу да развіцця аховы здароўя Шуміліншчыны.
Асаблівыя словы падзякі былі адрасаваныя дырэктару ТАА «Венбуд» Армену Сукіясяну за якасць выканання будаўнічых работ. «Рамантаваў, як для сябе», шчыра прызнаўся Армэн Вачыкавіч, бацька траіх дзяцей. У якасці падарунка ён прэзентаваў аддзяленню вялікі набор лега і мячыкаў.
Права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена Сяргею Галынчыку, Міхаілу Вішнявецкаму і Святлане Лінкевіч. Пасля чаго ўсіх запрасілі на экскурсію. У сценах новага педыятрычнага аддзялення, разлічанага на 8 ложка‑месцаў, створаны не проста палаты і кабінеты – створана сучасная, бяспечная і па‑сапраўднаму дзіцячая прастора, укаранёны новыя стандарты арганізацыі работы, накіраваныя на мінімізацыю стрэсу для дзіцяці і максімальную зручнасць для бацькоў, якія знаходзяцца побач. Першым ацаніў умовы самы маленькі пацыент – адзінаццацімесячны Цімоша Марозаў з райцэнтра.
Адкрыццё педыятрычнага аддзялення – гэта не фінальная кропка, а важная ступень у развіцці аховы здароўя Шуміліншчыны. Перад медыкамі стаяць задачы па далейшым удасканаленні аказання дапамогі, укараненні новых методык, умацаванні пераемнасці паміж стацыянарам і паліклінікай, актыўнай прафілактычнай рабоце. Здароўе людзей – самая галоўная каштоўнасць.
Алена КАРПУШЭНКА


