Напярэдадні святкавання 101-й гадавіны дня ўтварэння Шумілінскага раёна цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала і аформіла для чытачоў і жыхароў раёна выставу-віктарыну «101 пытанне пра Шумілінскі край», каб кожны змог праверыць свае веды пра родны край, а, можа, і набыць новыя.
Як не любіць куток зямлі, дзе ты спазнаў паўнату жыцця, дзе нарадзіліся, выраслі і працягваюць расці твае дзеці? Напэўна, кожны чалавек рана ці позна задумваецца над гэтым. У чым жа сакрэт непаўторнасці нашага краю? Можа, у непарыўнай сувязі падзей і традыцый, спадчыны і памяці продкаў? Менавіта тут фарміруюцца першыя ўспаміны, перадаюцца сямейныя звычаі і закладваюцца каштоўнасці, якія застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё.
Гісторыю мінулага мы даведваемся з кніг, якіх ужо нямала напісана нашымі пісьменнікамі-землякамі, і яны даступныя ўсім чытачам бібліятэк, вельмі запатрабаваныя і знаходзяць водгук у сэрцах людзей.
Адзін з такіх аўтараў, які радуе нас сваёй творчасцю – Віктар Васільевіч Улюценка (Антон Параскевін), пісьменнік, паэт, краязнавец, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нядаўна ён прэзентаваў бібліятэкам раёна сваю новую кнігу «Заранкавая вотчына» («Заревая отчина» – рус.). У яе ўвайшлі вершы, у якіх ён успамінае дзяцінства, бацькаву хату, жыццё ў вёсцы і яе быт, апісвае карціны прыроды ў розныя перыяды года. Апавяданні прасякнуты духам народнай гаворкі, кожны сюжэт нібы вытканы са шматвяковых паданняў. Праз вобразы простых людзей аўтар адкрывае для чытача свет, поўны мудрасці і шчырасці. Праз ўсе творы чырвонай стужкай праходзіць тэма сэнсу жыцця і месца чалавека ў ім.
Душэўнай цеплынёй кладзецца на сэрца прадмова аўтара: «Калі заканчваецца працоўны дзень, мы на вячэрняй зары, нібы на барвяным скрутку, у думках накрэсліваем свае планы. Бо яна часцінка будучага дня, тоіць у сабе мудрасць, пераносіць вопыт прайшоўшага. Яна кузня ўпэўненасці і чысціні. А ранішні світанак адкрывае новыя магчымасці. Рэалізуе ўчарашнія задумкі. Яна стваральная, энергічная, гэта – зара здзяйсненняў. Нездарма ў народзе кажуць: «Раніца мудрэйшая за вечар». Бо яна выводзіць за руку зусім яшчэ юны дзень насустрач сонцу і цяплу. Ну як жа не назваць сваю вотчыну заранкавай? Вотчыну надзей і стварэнняў!».
Прачытаць новую кнігу Антона Параскевіна «Заранкавая вотчына» можна не толькі ў цэнтральнай раённай, але і ў сельскіх бібліятэках раёна.
Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі запрашаюць землякоў ацаніць выставу, спазнаць свой край з віктарыны і пакінуць свае водгукі.
Ірына БАРЫСЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

