Усё жыццё працавалі на дабрабыт раёна
Любоў Міронаўна і Генадзь Іосіфавіч Жогалі з вёскі Мішкавічы жывуць разам паўстагоддзя. Столькі ж гадоў таму яны прыехалі ў Мішкавічы, на радзіму мужу, і ўсё жыццё працавалі на дабрабыт раёна.
Любоў Жогаль родам з Гомельскай вобласці, пасля заканчэння медвучылішча яе накіравалі працаваць медсястрой у Сцяпянку – жылы раён Мінска, размешчаны на ўскраіне. А яе будучы муж якраз у гэты час служыў у ракетных войсках, ваенная часць стаяла непадалёк. Падчас чарговага звальнення сябар папрасіў Генадзя зайсці да сваёй дзяўчыны і забраць магнітафон, які ў яе пакінуў. Ці то адрас быў недакладны, ці пераблытаў яго Генадзь, але зайшоў у кватэру, дзе жыла Люба з сяброўкай. Так і пазнаёміліся. Відаць, вельмі даспадобы прыйшлася Генадзю дзяўчына – прыгожая, статная. «Я і не вельмі хацела сустракацца, калі дазналася, што старэй за хлопца на шэсць гадоў, – усміхаецца Любоў Міронаўна. – Цяпер ведаю, што не ў гэтым шчасце. Прыгожа заляцаўся: дарыў кветкі, цёплыя словы. А як перанёс мяне праз чыгуначныя пуці, дзе побач разліліся лужыны, дык і зараз памятаю. Не ведаю, у які момант, але я адчула, што закахалася, што з нецярпеннем чакаю наступнай сустрэчы».
Генадзь у сваіх намерах быў сур’ёзным і настойлівым. І аднойчы заявіў: «Калі адслужу, распішамся!». Распісаліся сціпла ў адным з загсаў Мінска. На ўрачыстасць запрасілі самых блізкіх сяброў. Неўзабаве ў маладой сям’і нарадзілася першая дачушка Ірачка.
Тым часам Генадзь прадоўжыў вучобу на тэхніка-механіка ў Гарадоцкім тэхнікуме (туды паступіў да тэрміновай службы) і праз некалькі месяцаў уладкаваўся ў калгас «Ленінскі прызыў» загадчыкам гаража. Адказваў за ўсю тэхніку ў гаспадарцы. Калі не хапала рабочых рук, садзіўся за руль ЗІЛ-130, вазіў грузы.
Ад гаспадаркі Жогалям выдзелілі кватэру з усімі зручнасцямі, дзе сям’я жыве і зараз. Любоў Міронаўна ўладкавалася працаваць медсястрой на Мішкавіцкі ФАП, затым працавала прыбіральшчыцай у мясцовай школе.
Любоў і Генадзь Жогалі нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Дочкі прадоўжылі прафесію мамы – Наталля працуе ўрачом, Ірына фельчарам. Сын Аляксей ратавальнік.
Любоў Міронаўна зараз на заслужаным адпачынку, Генадзь Іосіфавіч яшчэ працуе качагарам на мясцовым участку УП ЖКГ. Сям’я трымае дачу на бацькоўскай сядзібе, любіць зямлю і з задавальненнем працуе на ёй. Вырошчваюць перац, памідоры і бульбу. Чакаюць у госці дзяцей і сямёра ўнукаў, якія вельмі любяць пачаставацца свежай гароднінай і малінамі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

