У жніўні на сваё першае працоўнае месца ў СШ № 1 г. п. Шуміліна прыйдуць маладыя спецыялісты Юлія Броўкіна і Марыя Мялюха. Яны – настаўнікі пачатковых класаў. Пакуль той жнівень, дзяўчаты вырашылі не сядзець дома, а ўладкаваліся выхавальнікамі на трэцюю і чацвёртую змены ў аздараўленчы лагер «Пунсовы ветразь».
Марыя і Юлія – больш чым сяброўкі, як самі гавораць, як сёстры. Вучыліся ў адным класе, разам паступілі ў Полацкі педагагічны каледж. Падчас вучобы жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце. Зараз абедзьве паступілі на завочнае навучанне ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Пайсці працаваць у «Пунсовы ветразь» было таксама сумесным рашэннем.
– Хацелася паспрабаваць сябе ў ролі педагогаў, – прызналіся яны. – Тым больш, што добра ведаем кіраўніка лагера Святлану Юр’еўну Раманаву, спадзяваліся, што яна дапаможа нам у нашых першых педагагічных кроках. Так і атрымалася. А яшчэ на трэцяй змене працавала наша будучая калега – настаўніца пачатковых класаў СШ №1 Наталля Віктараўна Ніканава, якая шмат што падказвала.
Марыя Мялюха на трэцяй змене была выхавальнікам у 2-м атрадзе, Юлія – падменным. Маладыя спецыялісты адразу знайшлі агульную мову з дзецьмі, праўда, пра субардынацыю не забыліся. Адпачываючыя літаральна не адходзяць ад Марыі і Юліі, абмяркоўваюць свае поспехі ці няўдачы, дзеляцца сакрэтамі.
– «Пунсовы ветразь» пацвердзіў, што мы не памыліліся з выбарам прафесіі, – зазначылі дзяўчаты. – Так, дзесьці цяжкавата, але, бачачы зацікаўленыя і шчаслівыя вочы дзяцей, ты разумееш, што твая работа патрэбная і прыносіць карысць і задавальненне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

