Идеология — культура — молодёжь: Итоги подведены. Задачи обозначены

Актуалии Культура Молодёжь

Наперадзе – новыя праекты і новыя перамогі

Ва ўрачыстай абстаноўцы прайшла нарада аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, на якой абмеркавалі вынікі работы за 2016 год. Удзел у нарадзе прыняла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.

У запоўненай да адказу актавай зале Шумілінскай школы мастацтваў спачатку паказалі фільм пра святую Пяценку, тым самым настроілі прысутных на духоўны лейтматыў.
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ажыццяўляе шматвектарную дзейнасць, зазначыла ў сваім дакладзе яго начальнік Валянціна Навіцкая. Валянціна Георгіеўна падрабязна спынілася найперш на выніках работы галіны культуры, у якой сёння працуе больш за 230 чалавек. Нагадала, што 2016 год – Год культуры – пачаўся з прыемнай падзеі: упершыню работніку сферы культуры раёна было прысвоена званне “Чалавек года Віцебшчыны”. Такога гонару была ўдастоена настаўніца Шумілінскай ДШМ Алена Скорынава. І завяршыўся год высокай узнагародай – Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў (дырэктар Галіна Мацвяйчук) стала абласным пераможцам у намінацыі “Лепшая музычная школа (школа мастацтваў)”. За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва яна ўзнагароджана дыпломам Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Паміж гэтымі дзвюма выдатнымі падзеямі работнікі клубных устаноў, музеяў, бібліятэк, Дома рамёстваў падрыхтавалі і правялі 4366 мерапрыемстваў, адзначылі 30-годдзе клуба “Ветэран” Обальскага ГДК, 35-годдзе ансамбля народнай песні “Абалянка”, 30-годдзе народнага калектыву літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніцы” 30-годдзе Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, 12 творчых калектываў пацвердзілі ганаровыя званні “народны”, “узорны”, выканалі на 125% план платных паслуг, заваявалі цэлы россып вялікіх і малых узнагарод.
У дакладзе прагучалі дзясяткі прозвішчаў, былі агучаны ўсе заваяваныя вяршыні, акрэслены задачы на бягучы год.
Тэму прадоўжыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Хамаганава. Наталля Уладзіміраўна акцэнтавала ўвагу на ідэалагічнай рабоце, яе складаемых і актуаліях.
Багатым на перамогі аказаўся 2016 год для настаўніцы Шумілінскай ДШМ Ганны Красоўскай. Але за гэтымі перамогамі, расказала настаўніца, – упартыя старанні як педагога, так і яе вучняў, такіх зорачак як Маша Скорынава, Света Курыленка і іншых.
Пра бібліятэчны маркетынг і яго ролю ў жыцці сучасных чытачоў расказала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ірына Барысевіч.
50 год адзначыць у кастрычніку гэтага года народны тэатр Шумілінскага раённага цэнтра культуры. Яго сённяшні рэжысёр Таццяна Багданава ў сваім выступленні звярнулася да вытокаў станаўлення тэатра, да выдатнай ролі яго першага рэжысёра Генадзя Ганчарова. Аднойчы ўзяты тэатрам накірунак, яго своеасаблівы каларыт, любоў да роднай мовы шануюць і сённяшнія самадзейныя артысты.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава падзякавала работнікам галіны за плённую працу, падкрэсліла, што яны годна прадстаўляюць культуру Шумілінскага раёна як на раённых, так і  абласных, рэспубліканскіх і міжнародных сцэнах. Разам з тым Ірына Іванаўна нацэліла творчы патэнцыял культуры на пошук новых ідэй і праектаў, пажадала больш актыўна прэзентаваць іх шырокай аўдыторыі і не стамляцца здзіўляць гледача.
Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджваннем лепшых работнікаў і канцэртам.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №18 ад 03.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *