НОВЫ БПМ, РОСТ ПЕНСІЙ І ДЗІЦЯЧЫХ ДАПАМОГ. Што зменіцца ў жніўні?
БПМ прырасце на 5,4%. З 1 жніўня бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 487 руб. 72 кап. і павялічыўся на 25 руб. 14 кап. Рост гэтага паказчыка паўплывае на павелічэнне надбавак і павышэнняў да пенсій, асобныя сацыяльныя выплаты, дзіцячыя дапамогі і інш.
Рост дзіцячых дапамог. З 1 жніўня стануць важкімі дзяржаўныя дапамогі, якія выплачваюцца сем’ям з дзецьмі. Гаворка ідзе пра выплаты на дзетак ад 3 да 18 гадоў, калі бацькі ў гэты перыяд няньчаць яшчэ і маленькіх да 3 гадоў. Дзіцячая дапамога складае 50% БПМ. Раней гэта было 231 руб. 29 кап., цяпер — 243 руб. 86 кап.
Выплаты па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў складуць: на першае дзіця — 931,91 руб.; на другое і наступных дзяцей — 1065,04 руб.; на дзіця-інваліда — 1198,17 руб.
Больш грошай для парадзіх. Аднаразовая дапамога, якая выплачваецца пры нараджэнні дзіцяці, вырасце на некалькі сотняў рублёў. Так, пры нараджэнні першынца сума аднаразовай дапамогі вырасце з 4625 руб. 80 кап. да 4877 руб. 20 кап., за нараджэнне другога і наступных дзяцей мамы атрымаюць 6828 руб. 8 кап. (прыбаўка – 351 руб. 96 кап.). На 25 руб. 14 кап. вырасце дапамога, якая належыць беларускам, калі яны стануць на ўлік у жаночай кансультацыі да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці. Раней парадзіхі атрымлівалі 462 руб. 58 кап., з 1 жніўня сума вырасце да 487 руб. 72 кап.
… і для бізнесу. З 1 жніўня павялічацца памеры субсідый, якія беспрацоўныя грамадзяне могуць атрымаць ад дзяржавы на арганізацыю сваёй справы або развіццё рамеснай дзейнасці. Да прыкладу, гараджане могуць разлічваць на 11 БПМ, што з 1 жніўня ў суме складзе 5364 руб. 92 кап. Жыхары малых гарадоў і раёнаў з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама вяскоўцы атрымаюць па 15 БПМ – 7315 руб. 80 кап. Калі ж беспрацоўны арганізуе прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, то субсідыя ад дзяржавы вырастае да 20 БПМ – а гэта ўжо 9748 руб. 40 кап. Новыя памеры субсідый будуць актуальныя да 31 кастрычніка 2025 г.
Прыбаўка да «ўзроставых» і сацыяльных пенсій. З 1 жніўня пенсіянеры ва ўзросце ад 75 да 79 гадоў атрымаюць даплату да пенсіі ў памеры 91 руб. 45 кап. замест ранейшых 86 руб. 74 кап. Тыя ж, хто перасягнуў мяжу ў 80 гадоў і старэй, могуць разлічваць на «ўзроставую» даплату да пенсіі ў памеры 182 руб. 90 кап. (раней гэтая сума складала 173 руб. 48 кап.). Што тычыцца сацыяльных пенсій, то з 1 жніўня яны вырастуць на 12 руб. 57 кап.
Пачнуць выплачваць матэрыяльную дапамогу да школы. Выплаты атрымаюць сем’і з трыма і больш дзецьмі да 18 гадоў, якія вучацца ў школах. Памер аднаразовай матэрыяльнай дапамогі на кожнага школьніка складзе 30% БПМ, што з 1 жніўня будзе роўна 146 руб. 30 кап.
Змены ў сістэме сацстрахавання. З 18 жніўня ўступяць у сілу новаўвядзенні Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння». Некалькі важных навацый датычацца самазанятых і індывідуальных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць з выплатай падатку на прафдаход, пры жаданні змогуць даплачваць ўзносы на пенсійнае страхаванне. Гэта дазволіць самазанятым сфарміраваць неабходны страхавы стаж для атрымання ў будучым працоўнай пенсіі. Для ІП памер узносаў у ФСАН прывязалі да іх фактычнага заробку. Калі ў прадпрымальніка даход за год складзе менш за 12 мінімальных заробкаў, то страхавыя ўзносы ў ФСАН складуць 35% ад атрыманага даходу. Калі заробак вышэй 12 «мінімалак», па жаданні ІП можна выплачваць страхавыя ўзносы з большай сумы па стаўцы 35%.
Адключэнне ад АРІП. Гаворка ідзе пра асабісты кабінет у сістэме адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы, якая дазваляе прымаць плацяжы па ўсёй краіне. Застацца па-за рэсурсам рызыкуюць тыя беларусы, якія не паклапоцяцца пра абнаўленне пагаднення з сэрвісам, звязанага з апрацоўкай персанальных дадзеных. Раней карыстальнікі асабістых кабінетаў давалі згоду на апрацоўку сваіх асабістых дадзеных на 5 гадоў. У 2024 г. кампанія ўнесла змены ў сваю палітыку, і тэрмін скарацілі да 3 гадоў, таму неабходна аформіць дадатковае пагадненне з арганізацыяй. Адключэнне акаўнтаў, якія не далі згоду на работу па новых правілах, ад сістэмы плануюць пачаць з 1 жніўня.
Ліміт на зняцце наяўных. З 4 жніўня «Беларусбанк» уводзіць абмежаванні пры зняцці грошай з выкарыстаннем лічбавых рэквізітаў картак у банкаматах і пунктах выдачы наяўных. З гэтай даты на працягу сутак можна будзе атрымаць з карт «Бархат» усяго 600 руб., з іншых – не больш за 1000 руб. Гэта зроблена, каб перашкодзіць ашуканцам здзяйсняць крадзяжы з рахункаў кліентаў, выведваючы ў іх інфармацыю для рэгістрацыі картак у мабільных плацежных дадатках. Аднак ліміты трымальнік карты можа самастойна зняць. Для гэтага варта патэлефанаваць у кантакт-цэнтр па кароткім нумары 147 альбо наведаць аддзяленне банка і падаць заяву як асабіста, так і праз свайго прадстаўніка з дапамогай афармлення даверанасці.
Паляванне «па пер’ях». З 9 жніўня аматары палявання змогуць пайсці на вадаплаўную і балотную дзічыну, вяхіра, шызага голуба, перапёлку і фазана.
Палёты з Мінска ў Алматы. З 10 жніўня маршрутная сетка Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» пашырыцца за кошт адкрыцця прамога рэгулярнага рэйса з Казахстанам. Авіякампанія SCAT запусціць новы прамы кірунак: Алматы-Мінск-Алматы. Рэйсы плануюць два разы на тыдзень — па серадах і нядзелях. У палёце пасажыры паветранага судна правядуць каля пяці з паловай гадзін.
… і Калінінград. Цяпер Самалёты «Белавія» лётаюць у расійскі горад з Мінска і назад па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях. З 9 жніўня пералёты з беларускай сталіцы ў Калінінград стануць больш даступнымі: адправіцца ў паветранае падарожжа можна будзе ў любы дзень тыдня, акрамя суботы.

