Молодежь рулит на уборочной в Шумилинском районе

Главное Молодёжь Общество Сельское хозяйство

Уборачная-2025. Моладзь руліць на жніве

На залацістых жніўных палетках ва ўрочышчы Сянькова здалёк відаць чырвоныя КЗСы. Гэта працуюць на ўборцы механізатары ААТ «АграБаравінка».  Тут камбайнеры не толькі сталыя,  руліць і моладзь.

  Уладзіславу Осіпаву, напрыклад, 28 гадоў. Але для яго сёлетняе жніво за штурвалам камбайна шостае. Першым настаўнікам і дарадцам быў бацька Мікалай Васільевіч, які ўсё жыццё адпрацаваў у КУСГП «Сіроцінскі». Уладзіслаў удзячны яму за навуку, за тое, што з камбайнам і іншай тэхнікай на “ты” – і рамантуе, і працуе.

Хлопец дагэтуль некалькі сезонаў працаваў памочнікам камбайнера. У мінулыя гады крыху не дацягваў да тысячніка, намалочваў па 800-900 тон. Але імкнецца да гэтага. Зараз Уладзіслаў – начальнік участка “Сіроцінскі” сельгаспрадпрыемства, а на перыяд жніва сеў за штурвал камбайна. Кажа, што намалаціць сёлета за дзень да паўсотні тон і нават больш – рэальна.

«Люблю ўбіраць хлеб. Азімая пшаніца сёлета вырасла нядрэнная, – кажа малады камбайнер (па спецыяльнасці У. Осіпаў аграном) і акідвае вокам поле. – Іншая справа, што задажджыла, і трава кінулася ў рост, але мы яе апярэдзім. Сёння сонца – і ўсе на палетках. Працуем да позняга. А каб не было прастояў у рабоце, побач дзяжурыць энерганасычаны трактар – пры патрэбе выцягнуць камбайн з нізін, дзе часта буксуем».

 

А робіць гэта 19-гадовы механізатар Арцём Корзун. У мінулым годзе ён падчас уборачнай быў на практыцы ў сельгаспрадпрыемстве і працаваў на адным камбайне з Аляксандрам Раманятавым. А сёлета закончыў Гарадоцкі каледж, мае спецыяльнасці тэхніка-механіка, трактарыста-машыніста і вадзіцеля. І выказаў жаданне працаваць на камбайне, некалькі дзён рупіўся з А. Раманятавым. Але дажджлівае надвор’е ўнесла свае карэктывы. «Перасеў на МТЗ-3022, бо палеткі нізкія, гразкія. Камбайны, вага якіх каля пятнаццаці тон, часта буксуюць, таму мая дапамога неацэнная  – часта прыходзіцца браць тэхніку на буксір,  – усміхаецца Арцём. – Нічога не зробіш, трэба прыстасоўвацца да складаных умоў уборкі. А ўвогуле работай на ўчастку «Сіроцінскі» я задаволены – механізатарскі калектыў тут надзейны». Арцём спадзяецца, што ў далейшым надвор’е будзе спрыяць уборачнай, і калі пераедуць на вышэйшыя палеткі, не будзе патрэба ў буксіроўцы. Вельмі ж хочацца  зноў перасесці на камбайн!

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *