Надзежына – мілы сэрцу куток. Менавіта сюды імкнецца душа
Мая вёска. Мой дом. Мая вуліца. У гэтых словах – любоў да роднага кутка, дзе нарадзіўся, дзе выраслі дзеці, а сёння прыязджаюць ужо ўнукі і праўнукі, займаюцца добраўпарадкаваннем сядзіб, будуюць дачныя дамы. Летам у многіх населеных пунктах ладзяцца святы вёсак. Свята «Мілы сэрцу куток» прайшло ў першы жнівеньскі дзень у вёсцы Надзежына Мікалаеўскага сельсавета. Песні, танцы, музыку ў вёску прывезлі самадзейныя артысты Мішкавіцкага клуба-бібліятэкі і сектара нестацыянарнага абслугоўвання РЦК. Загадчыца Мішкавіцкага клуба-бібліятэкі Зінаіда Касьянава расказала пра гісторыю вёскі, якая многа пабачыла: вайну, разруху, акупацыю, радасць Перамогі і аднаўлення. Пра свой родны край расказалі самі жыхары. «Тут жылі звычайныя вясковыя людзі, добрыя і працавітыя, – згадала Галіна Бяспечная. – Бедна жылі. Дзеці летам елі агуркі, а не марожанае. Але заўсёды спявалі песні – і калі жыта жалі, і калі ішлі на вечарынку. Надзежынцы працавалі ў мясцовым калгасе. Падчас вайны ўсе мужчыны пайшлі на фронт. Вярнуцца на радзіму пашчасціла толькі майму бацьку. Падчас фарсіравання Заходняй Дзвіны, якая працякае побач, вада ў рацэ была чырвонай ад крыві – такія страшныя баі ішлі тут за Перамогу, за наша сённяшняе шчаслівае жыццё».
«Мы любім сваю вёску, – дадала Галіна Сафонава. – помнім, як бегалі басанож па траве, помнім кожную сцяжынку на расістым лузе. Менавіта сюды імкнецца душа, бо тут заўсёды светла і добра. Нашу вёску любяць дзеці і ўнукі, якія прыязджаюць сюды, саджаюць тут дрэвы і кветкі, будуюць агароджы. Таму вёска прыгожая».
Падчас свята згадалі ветэранаў працы, якія шчыравалі на палетках і фермах, павіншавалі юбіляраў, падзякавалі ім за шчырую працу на карысць радзімы, за выхаванне дзяцей і ўручылі падарункі. Самай старэйшай жыхаркай у Надзежыне з’яўляецца Вікторыя Антонаўна Жук, якой сёлета споўнілася 86 гадоў. 85-гадовыя юбілеі ў Людмілы Пятроўны Тарасавай і Паўла Іосіфавіча Ушала. А самая маленькая жыхарка Надзежына – сямігадовая Вольга Герман.
У гэты дзень у Надзежыне гучала шмат песень. На гукі музыкі падцягнуліся не толькі мясцовыя жыхары, але і дачнікі, якія прыехалі з Віцебска і Мінска. Песні і танцы былі настолькі задорныя, што дачнікі не толькі падпявалі, але і кінуліся ў скокі. З задавальненнем дарослыя і дзеці прымалі ўдзел у гульнях і конкурсах. Музыка разлівалася па ўсім наваколлі. Надзежынцы дзякавалі шумілінскім артыстам за падоранае свята, радасць і цудоўны настрой.
Ларыса ЗАЙЦАВА.





