С помощью археологов попробовали заглянуть в глубины истории Шумилинской земли

Главное Край шумілінскі Культура Общество

Зазірнуць у глыбіню стагоддзяў

 Працягваюцца археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Шумілінскага раёна.

Пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марата Клімава ў ліпені-жніўні вяліся раскопкі сярэдневяковага паселішча на беразе Заходняй Дзвіны ў раёне вёскі Андрэева Мікалаеўскага сельсавета.

Разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Русланам Матвейчуком і дырэктарам Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святланай Івановай адпраўляемся па арыенцірах, скінутых археолагамі на пошукі месца раскопак.

Спачатку трапляем на вялікі палатачны лагер у лесе, дзе жывуць валанцёры літаральна з усіх абласцей краіны, якія дапамагаюць навукоўцам праводзіць раскопкі.
– Пры вывучэнні рэчышча Заходняй Дзвіны падчас праектавання Полацкай ГЭС былі праведзены дадатковыя даследаванні, якія выявілі новыя перспектыўныя месцы магчымых старажытных паселішчаў, у тым ліку і каля вёскі Андрэева, – расказаў археолаг. – Мэта экспедыцыі – знайсці сляды вікінгаў.

Былі даследаваны два раскопы – адзін далей ад берага ракі, другі – на беразе Дзвіны. Марат Клімаў адзначыў, што абодва раскопы размешчаны на полі фермерскай гаспадаркі Уладзімра Прыгуна, які пайшоў насустрач навукоўцам і дазволіў правесці неабходныя работы.

«У адрозненне ад Кардона, дзе ўсе знаходкі зроблены амаль на паверхні, у Андрэеве капаць прыйшлося амаль два метры, – канстатаваў гісторык. – Знойдзены пабудовы розных часоў. Датаванне праводзілася па індывідуальных знаходках і керамічным посудзе.

У першым раскопе знаходкі адносяцца да X стагоддзя і, можна сказаць, там жылі “бедныя” людзі, якія займаліся сельскай гаспадаркай, паляваннем. Мы знайшлі рэшткі керамічнага посуду мясцовай вытворчасці, з цікавых знаходак – бронзавая падвеска “конік”. Пабудовы былі знішчаны пажарам.

Знаходкі ў другім раскопе датуюцца пачаткам XII стагоддзя і дазваляюць гаварыць пра “багатых” жыхароў – верагодна, тут быў двор ці сядзіба феадала. У раскопе знойдзены фрагменты амфар, у якіх у тыя часы перавозілі віно ці аліўкавы алей з Візантыйскай імперыі. Знойдзена керамічная пацерка з глазураваным арнаментам – гэта таксама ўласціва візантыйскай вытворчасці, яшчэ адна пацерка зроблена з горнага крышталю. Гэтыя рэчы былі даступныя толькі багатым людзям. Сярод знаходак – свінцовая пломба, якой апячатваліся тавары. Гэта сведчыць пра развітыя гандлёвыя шляхі і сувязі, якія праходзілі праз гэтыя месцы. Знайшлі таксама наканечнік “бранябойнай” стралы. Пабудовы таксама былі знішчаны пажарам, а пасля занесены рачнымі наносамі, так і апынуліся на глыбіні. У абодвух пасяленнях жыло мясцовае насельніцтва, сляды вікінгаў трапляюцца, але ў іншых месцах».

Марат Клімаў заўважыў, што пасля апісання і вывучэння знаходкі можна будзе перадаць у Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей, чым вельмі парадаваў дырэктара музея Святлану Іванову.

Археолагі завяршылі палявы сезон, але плануюць прадоўжыць даследаванні на Шуміліншчыне на наступны год, а значыць шумілінская зямля прадоўжыць раскрываць таямніцы сваёй гісторыі.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *