Гісторыя адной карціны
А вы ведаеце, дзе ў раёне знаходзіцца самая вялікая карціна?
У танцавальнай зале Амбросавіцкага сельскага клуба. Шырыня карціны 11 метраў, вышыня – каля чатырох. Нашы чытачы прасілі расказаць, чыімі рукамі створаны гэты твор.
Аўтарам карціны з’яўляецца Леанід Казіміравіч Бергілевіч. Па жыцці ён былы ваенны (служыў у Сярэдняй Азіі, Прыбалтыцы, Расіі), а калі выйшаў у адстаўку і жыў з сям’ёй у Віцебску, то працаваў мастаком у будаўнічым кааператыве “Задыяк”. Брыгада рамантавала клуб у Амбросавічах у 1988 годзе, і Леаніду Казіміравічу заказалі карціну на ўсю сцяну. Дарэчы, у той год ён наглед зеў дом у Амбросавічах на беразе возера і купіў яго пад дачу. І цяпер прыязджае сюды, але ўжо з Масквы, дзе зараз жыве.
Мы сустрэліся з мастаком і папрасілі расказаць пра гісторыю стварэння кар ціны.
«На мастака я нідзе не вучыўся, такім дарам валодаю з дзяцінства і магу перадаць любое апісанне прыроды, – кажа Леанід Казіміравіч. – Карціна ў Амбросавіцкім клубе створана з гіпсу. Мяне папрасілі намаляваць мясцовы пейзаж. Каб стварыць агульную карціну, я адплыў на сярэдзіну возера і глядзеў вакол. Што бачыў, тое і маляваў. На карціне – возера, дрэвы, коні, буслы, піянерскі лагер у Амбросавічах, кантора мясцовага калгаса, помнік землякам, промні ўзыходзячага сонца. Такі вялікі твор створаны з гіпсавых плітак, на якія вадкім гіпсам наносіліся выявы элементаў карціны. Калі ўсе пліткі былі замацаваныя на сцяне, распісаў іх фарбамі. На стварэнне карціны пайшло тры месяцы».
Вось ужо 37 гадоў твор Леаніда Бергілевіча, створаны з душой і стараннем, радуе жыхароў аграгарадка і яго гасцей.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

