Афрыканская чума свіней: прафілактыка. Захварэла парася – звярніцеся ў ветстанцыю
Афрыканская чума свіней – асабліва небяспечнае віруснае захворванне дамашніх і свіней і дзікоў, якое характарызуецца ліхаманкай, цыянозам скуры, паражэннем унутраных органаў і высокай ступенню смяротнасці.
Лекавыя прэпараты для прафілактыкі і лячэння захворвання адсутнічаюць. Гіне ўся жывёла, якая захварэла. Для чалавека афрыканская чума не прадастаўляе небяспекі.
Крыніца заражэння. Ёй з’яўляюцца хворыя свінні, усе іх прыродныя выдзяленні, інфіцыраваны корм, подсцілка, абслугоўваючы персанал. Чалавек разносіць вірус на абутку, перадае з брудным адзеннем, транспартнымі сродкамі. Пераносчыкамі могуць быць насякомыя, кляшчы, грызуны.
Клінічныя прыкметы. Інкубацыйны перыяд захворвання складае 2-7 дзён. Пры хуткім цячэнні жывёла гіне адразу, пры вострым – павышаецца тэмпература цела да 40,5-42 градусаў, з’яўляюцца адышка, кашаль, прыкметы рвоты, паралічы задніх канечнасцей. Назіраецца выдзяленне з носа і вачэй. Хворыя жывёлы больш ляжаць, зарыўшыся ў подсцілку, апетыт можа захоўвацца. На скуры ((ля бёдраў, жываце, шыі, ля вушэй) з’яўляюцца чырвона-фіялетавыя плямы.
Парады ад спецыяліста
Наталля Карэліна, ветурач райветстанцыі:
Уладальнікам асабістых падсобных гаспадарак, у якіх ёсць свінні, трэба выконваць шэраг правілаў, якія дазволяць захоўваць здароўе жывёлы:
- утрымліваць жывёлу трэба толькі ў закрытых памяшканнях, выгульнае ўтрыманне забараняецца;
- для догляду за жывёлай трэба выкарыстоўваць асобнае спецадзенне, абутак і інвентар;
- перад уваходам у памяшканне варта абсталяваць дэзбар’ер;
- нельга дапускаць кантакту свіней з іншымі жывёламі, птушкамі і чужымі людзьмі;
- для кармлення свіней выкарыстоўваць толькі камбікорм заводскай вытворчасці;
- катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць у кармленні адходы забою дамашніх і дзікіх жывёл і камбікорм сумніцельнай якасці, набыты ў прыватных асоб ва ўпакоўцы без этыкетак і патрэбнай маркіроўкі;
- пасля наведвання лесу ў абавязковым парадку варта змяніць адзенне, абутак і вымыцца, перш чым заходзіць ў памяшканне да жывёлы;
- рэгулярна праводзіць у хлеўчуках дэзінфекцыю, барацьбу з грызунамі і насякомымі;
- не ажыццяўляць забой без правядзення перадзабойнага агляду ветэрынарнымі спецыялістамі;
- нельга выкідваць трупы жывёл, адходы ад іх перапрацоўкі на звалкі, абочыны і іншыя даступныя для бадзяжнай жывёлы месцы;
- не варта купляць парасят і мясную прадукцыю ў месцах несанкцыянаванага гандлю без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, нельга завозіць свіней і прадукцыю свінагадоўлі з іншых рэгіёнаў без пагаднення спецыялістаў ветслужбы.
У выпадку ўзнікнення падазроных захворванняў або падзяжу свіней варта пра гэта паведаміць у ветстанцыю. Нельга замоўчваць пра факты падзяжу свіней і самастойна утылізоўваць тушы хворай жывёлы.
Людміла ЗУЙКОВА.

