Надзейны тыл жніва

Райкам прафсаюза работнікаў АПК далучыўся да рэспубліканскай акцыі «Жанчыны за ўраджай».
Уборка ўраджаю – справа агульная. У тым ліку і жаночая. Жанчыны забяспечваюць надзейны тыл. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова і старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Наталля Крыўко пабывалі ў сельгаспрадпрыемствах раёна, каб сказаць удзячныя словы вясковым жанчынам за іх руплівую працу, падзякаваць за старанне, прафесіяналізм.
«Наша ініцыятыва мае мэту падтрымаць тых, чыя праца застаецца незаўважнай, але яна вельмі патрэбная, – адзначылі падчас віншаванняў Вольга Іванаўна і Наталля Сяргееўна. – На вашых плячах трымаецца у тым ліку і харчовая бяспека краіны».
Дыпломы і падарункі за сумленную працу падчас жніва былі ўручаны загадчыцы склада ААТ «АграБаравінка» Надзеі Сямёнавай, аграному ААТ «Ляжні» Аліне Пяшко і загадчыцы склада гаруча-змазачных матэрыялаў гэтай жа гаспадаркі Галіне Сахно, загадчыцы склада ГЗМ КУСГП «Ульскі» Вікторыі Гушча, а таксама работнікам СУП «Лаўжанскае»: загадчыцы гандлёвага аб’екта грамадскага харчавання Святлане Духовіч, поварам Святлане Казлоўскай і Ірыне Грыдзюшка, кухоннай рабочай Таццяне Навуменка, загадчыцы склада Таццяне Купрыянавай.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


