Уборачная сёлета вельмі складаная з-за частых дажджоў, таму жніво зацягнулася. Раённыя аграрыі рупяцца без выхадных, ловяць кожны сонечны дзень, нават папрасілі дапамогі з суседніх раёнаў. Непакояцца за прыватныя зерневыя ўчасткі і вясковыя жыхары: калі камбайны прыедуць малаціць?
Камбайны прыедуць на кожны ўчастак
На гэтым тыдні ў рэдакцыю патэлефанавалі жыхары в. Лажок, у якіх засеяны зерневыя, і таксама падзяліліся хваляваннямі. Дырэктар ААТ «АграБаравінка» Яўген Мурашка, з якім раённыя журналісты адразу звязаліся, паабяцаў пачаць абмалот вясковых участкаў у бліжэйшыя выхадныя.
Між іншым, прыватнае жніво па раёне ідзе ва ўсю. «У нас засталося абмалаціць сем участкаў у Дубраве, Ілаве і Федзькаве, – расказаў старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама Уладзімір Сядлоўскі. – Добра папрацавалі механізатары КУСГП “Ульскі” і СФГ “Раднік”, на дапамогу прыйшоў прыватнік Валерый Шэдзько».
Больш за палову ўчасткаў (54,3%) абмалацілі камбайнеры ААТ «Ляжні» на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета. Як толькі камбайны пераедуць з участка Крывое Сяло, пачнуць абмалот на Дабейшчыне. А пакуль тут працуюць механізатары ААТ «Прыазёрны мір».
Механізатары КУСГП «Ульскі» рупяцца і на Обальшчыне. Пакуль не прыступілі да абмалоту прыватных агародаў у Сіроцінскім і Лаўжанскім сельсаветах. Вяскоўцы вельмі чакаюць камбайнаў, і ім няважна, з якога сельгаспрадпрыемства прыйдзе дапамога. На тэрыторыі УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» працуе прыватнік, але ахоплівае не ўсе ўчасткі.
Усяго па раёне трэба абмалаціць 294 участкі агульнай плошчай 68,24 га, расказала галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Таццяна Шчарбакова. На раніцу 4 верасня было абмалочана 19,05% участкаў (56 агародаў). Кіраўніцтва раёна паставіла задачу ўсім сельгаспрадпрыемствам закончыць жніво на палетках да 7 верасня. А потым камбайны адправяцца на прыватныя агароды і абавязкова даедуць да кожнага ўчастка.
Людміла ЗУЙКОВА.

