Сельские игры-2025. Спартакиада работников сельскохозяйственных организаций прошла в Шумилино

Главное Здоровые города и посёлки Здоровье Спорт, туризм

Шумілінскія аграрыі – на спартыўных стартах

У суботу, 6 верасня, у Шуміліне прайшла раённая спартакіяда сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый на прызы Шумілінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. За перамогу змагаліся 5 каманд – «Лаўжанскае», «Ляжні», «Ульскі», «Прыазёрны мір» і «АграБаравінка».

Праграма спаборніцтваў уключала шашкі, кідкі ў баскетбольнае кольца, стральбу з пнеўматычнай зброі, дартс, лёгкаатлетычную эстафету, настольны тэніс, гіравы спорт, плаванне і перацягванне каната.

Поспехаў, пазітыву, яркіх перамог і добрага настрою пажадала ўдзельнікам спартакіяды намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.

Спартыўную праграму спартакіяды адкрывала лёгкаатлетычная эстафета 4х100. Адзначым, што каманды сур’ёзна падрыхтаваліся да бегу, таму пачатак спартакіяды атрымаўся па-спартыўнаму цікавым і напружаным. Перамагла каманда «Прыазёрны мір», дапоўнілі прызавую тройку каманды «Ульскі» і «АграБаравінка».

Пасля эстафеты закруціліся спартыўныя баталіі: на стадыёне – стральба, дартс, кідкі ў баскетбольнае кальцо, гіравы спорт, у будынку на стадыёне – шашкі, у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры – плаванне, у спартыўнай зале – настольны тэніс.

У спаборніцтвах па кідках у баскетбольнае кольца пераможцамі сталі Валянціна Жыжова («Лаўжанскае») і Уладзіслаў Пруднічэнка («АграБаравінка»), па шашках лепшыя вынікі ва Уладзіміра Буркова («Лаўжанскае») і Андрэя Кузняцова («Ляжні»), Ганны Кляцковай («АграБаравінка») і Анастасіі Ерафеевай («Ляжні»), у настольным тэнісе першыя месцы ў Алены Лісавай («Лаўжанскае») і Сяргея Гоманава («АграБаравінка»), у плаванні не было роўных Ядвізе Сямёнавай з «Ульскага» і Сяргею Гоманаву з «АграБаравінкі».

У стральбе з пнеўматычнай зброі ўдзельнічалі кіраўнікі ці намеснікі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Прызавая тройка наступная: першае месца – памочнік дырэктара ААТ «АграБаравінка» Віталь Сімакоў, другое – в. а. дырэктара ААТ «Прыазёрны мір» Віталь Галаўнёў, трэцяе – дырэктар КУСГП «Ульскі» Уладзімір Касцюкоў. У гіравым спорце пераканаўча перамог Іван Шумскі («АграБаравінка»). У дартсе ў камандным заліку месцы размеркаваліся так: першае – «АграБаравінка», другое – «Лаўжанскае», трэцяе – «Ульскі».

Па традыцыі завяршылі спартакіяду спаборніцтвы па перацягванні каната. Заўзятары гучна падтрымлівалі свае каманды, ну, а самі асілкі выкладваліся на ўсе сто. У выніку перамогу «выцягнула» «АграБаравінка», другое месца заваявала каманда «Ульскі», трэцяе – «Лаўжанскае».

Усе пераможцы і прызёры ў асобных відах спартакіяды атрымалі медалі і дыпломы, сертыфікаты ад фізкультурна-аздараўленчага цэнтра на бясплатнае наведванне трэнажорнай залы, басейна ці саўны. Старшыня Шумілінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова ўручыла памятныя падарункі самаму маладому, самаму вопытнаму і самым актыўным спартсменам. Але засталася галоўная інтрыга: якая каманда перамагла ў спартакіядзе? Так, мяркуючы па заваяваных дыпломах тройка вядома – гэта «АграБаравінка», «Ульскі» і «Лаўжанскае». А вось хто на якім месцы, даведаемся на раённым свяце хлебаробаў, якое пройдзе 27 верасня ў аграгарадку Кардон.

 Пасля спартакіяды сваімі ўражаннямі падзяліўся Сяргей ГОМАНАЎ з «АграБаравінкі»:

Спартакіяда адназначна ўдалася. Парадавала, што сёлета ва ўсіх камандах было багата моладзі. Дзякуй арганізатарам. Асаблівыя словы падзякі хачу адрасаваць старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Вользе Пусянковай. Дзякуючы яе намаганням і старанням мы, сельгасработнікі, змаглі праявіць сябе  і на спартыўных стартах.

Аляксандр ШЭДЗЬКО



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *