Олимпийские надежды Шумилинщины: Вадим Легчёнок

Спорт, туризм

Умее прыняць рашэнне
Апошні год для шумілінскага барца Вадзіма Лягчонка стаў даволі паспяховым. Сярод найбольш важкіх перамог – трэцяе месца на рэспубліканскай спартакіядзе па грэка-рымскай барацьбе сярод выхаванцаў ДзЮСШ. Пра Вадзіма, як таленавітага і перспектыўнага барца, пачалі гаварыць спартыўныя спецыялісты як у вобласці, так і ў рэспубліцы.
Вадзім Лягчонак – васьмікласнік Шумілінскай СШ №1, грэка-рымскай барацьбой займаецца ў трэнера Юрыя Сцяпанава чатыры гады. Нельга сказаць, што спартыўны шлях у хлопца складаецца проста, але да сваіх перамог ідзе паступова і настойліва. Так, напрыклад, Вадзім прыняў удзел у чатырох рэспубліканскіх першынствах сярод выхаванцаў ДзЮСШ: у першы раз  адразу прайграў свой паядынак, затым  атрымліваў па дзве-тры перамогі, і толькі на чацвёрты раз трапіў у прызавую тройку.
Хаця за чатыры гады ў класічнай барацьбе ў Вадзіма было шмат чаго. Як расказвае сам хлопец, прыйшоў на трэніроўку выпадкова, спадабалася займацца, і ўжо на першым турніры – обальскім – трапіў у прызавую тройку. Праўда, потым імя Лягчонка неяк згубілася сярод юных спартсменаў. “Быў момант, калі перастаў хадзіць на трэніроўкі, – расказвае Вадзім. – Думаў увогуле кінуць барацьбу. Але не змог. Барацьба зацягнула, з кожным днём усё больш і больш хацелася ісці на трэніроўкі,  выступаць на спаборніцтвах. І Вадзім вярнуўся. Пасля вяртання стаў па-сур’ёзнаму адносіцца да трэніровак, у яго з’явілася жаданне бароцца і перамагаць. І вынік не прымусіў сябе чакаць: шумілінскі барэц практычна на кожным спаборніцтве трапляў у тройку лепшых.
Па характары Вадзім спакойны і разважлівы, а вось калі выходзіць на барцоўскі дыван – азартны, увесь у барацьбе. “Вадзім, можна сказаць, унікальны барэц, – дзеліцца Юрый Сцяпанаў. – У яго вельмі развіта пачуццё правільнага выбару. Такая якасць у яго ад прыроды”. Вось і прыходзіцца на трэніроўках адпрацоўваць кожны прыём, кожны крок, каб падчас спаборніцтваў у тэхнічным арсенале Вадзіма быў багаты выбар.
Думае хлопец і надалей звязаць свой лёс з грэка-рымскай барацьбой, пайсці вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *