Оболь просит воды

Общество

Обаль просіць вады
“Воднае пытанне” не задавальняла абальчан, можна казаць, ніколі – тут і нізкая якасць вады, і праблемы падчас пікавых гадзін. Але сітуацыя, што склалася апошнім часам у пасёлку, стала крытычнай. Вада не цячэ, а літаральна капае з кранаў, а жыхарам верхніх паверхаў наогул дастаецца толькі па начах. Таму абурэнне і  незадаволенасць нарастае і дасягнула крытычнай рысы. Абурэнне зразумелае, бо як спяваў герой вядомай камедыі: “Без вады – ні туды і ні сюды…” – ні памыцца, ні прыгатаваць ежу, ні прыбрацца. Таму і ляцяць лісты ад незадаволеных абальчан у розныя інстанцыі, распаляюцца тэлефоны падчас “прамых” і “гарачых” ліній. Што ж робіцца для рашэння вострай праблемы? За адказам звярнуліся да кампетэнтных крыніц.
“Обальскую праблему з вадой улады ведалі і трымалі на кантролі заўжды, – тлумачыць начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама В. С. Селязнёў. – Па праграме “Чыстая вада” на 2011-1015 гады” прадугледжвалася бурэнне новых свідравін і ўстаноўка станцыі абезжалезвання вады ў Обалі на 2012 год”. Але складанасці з фінансаваннем змянілі сітуацыю – на 2012 год засталася толькі свідравіна, будаўніцтва станцыі абезжалезвання перанесена на 2014 год.
Тым не менш, было відавочна, што тэрмін  службы існуючых свідравін сышоў, і яны могуць выйсці са строю ў любы момант. Таму шукалі выхад з сітуацыі. Праблема яшчэ і ў тым, што для таго, каб зрабіць новыя свідравіны, патрэбны вялікія выдаткі. Таму рэзервовая свідравіна, якая была прабурана яшчэ некалькі гадоў таму, стала той выратавальнай палачкай, што забяспечвае вадой Обаль цяпер. На жаль, яе магутнасць недастатковая, вось і не дастае вада да верхніх паверхаў шматпавярховых дамоў.
Цяпер вядзецца бурэнне новай свідравіны. Спецыялізаваная арганізацыя ўжо атрымала плату, вядуцца работы. Свідравіна глыбокая – 140 метраў, з якіх ужо прабурана каля 100. Калі яна будзе гатова, адразу будуць усталяваны фільтры, глыбінная помпа. Падключыць свідравіну да водаправода таксама нескладана.  Праектная магутнасць свідравіны дазваляе гаварыць пра тое, што патрэбы ў вадзе жыхароў Обалі будуць забяспечаны  поўнасцю.
Работы вядуцца, ну, а абальчанам застаецца толькі чакаць і спадзявацца, што яны ў хуткім часе закончацца.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 11.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *