День работы с населением прошёл в Николаевском сельсовете

Власть Главное Общество

“Ці праўда, што закрыюць амбулаторыю?”

Рабочая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам 10 верасня правяла сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў Мікалаеўскага сельсавета.

Ужо у першай па маршруце групы вёсцы Дубрава стала зразумела, што ўключэнне ў групу галоўнага ўрача ЦРБ Святланы Лінкевіч не выпадкова, а пытанне медыцынскага абслугоўвання хвалюе ўсіх жыхароў сельсавета. “Ці праўда, што закрыюць Мікалаеўскую амбулаторыю і ўрача ўжо забралі ў Шуміліна?”, – гэтае пытанне гучала на кожнай сустрэчы. Святлане Уладзіміраўне прыйшлося тлумачыць, што амбулаторыя ў сельсавеце захаваецца. Малады ўрач Юлія Васеха, якая, дарэчы, мясцовая, і вярнулася працаваць на малую радзіму пасля заканчэння медуніверсітэта, часова працуе ў райцэнтры, бо ў паліклініцы не хапае ўрачоў (у водпусках ці на курсах перападрыхтоўкі). Пакуль у Мікалаеўскай амбулаторыі яна будзе працаваць па графіку, а да зімы вернецца на пастаянную работу.

Былі пытанні і па рабоце мабільнага ФАПа, які не заўжды прытрымліваецца графіку руху, асабліва ў малых вёсках.

Адна з жыхарак вёскі прасіла перадаць вялікую падзяку за работу хірургічнаму аддзяленню Шумілінскай ЦРБ і асабіста ўрачу-хірургу Ігару Гудкову. Таксама дзякавалі сяльчане работнікам мабільнага аддзялення Вользе Воранавай і Валянціне Малатковай, якія заўжды ўважлівыя, ветлівыя, выконваюць усе заяўкі жыхароў. Галоўны ўрач ЦРБ узяла праблемныя пытанні “на аловак”, а вяскоўцам расказала пра медабслугоўванне, дыспансерызацыю, вакцынацыю ад грыпу і ковіда, нагадала пра неабходнасць гэтых працэдур.

Практычна ў кожнай вёсцы гаварылі пра неабходнасць рамонту вулічнага асвятлення, бо дзень скарачаецца і хутка будзе цёмна большую частку дня. Ставілі пытанне выдалення аварыйных дрэў на могілках (Бубалі, Слабада). Прасілі прагрэйдзіраваць ці падсыпаць асобныя ўчасткі вуліц і дарог. Гэтыя пытанні бралі на кантроль дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў і начальнік ДРБУ № 204 Уладзімір Раманаў, якія былі ў складзе рабочай групы.

У кожнай вёсцы ўзнімалі пытанне па графіку работы аўтамагазіна спажыўкааперацыі і яго асартыменце.

У вёсках Мікалаева і Мішкавічы агучылі праблему падвозу дашкольнікаў у дзіцячы сад: рамні бяспекі не разлічаны на малых дзетак.

У Мікалаеве завяршаецца падвод прыроднага газу, і вяскоўцаў цікавіла магчымасць падключэння газавага ацяплення. Кіраўнік райсавета параіў ствараць кааператывы для гэтага і звяртацца ў адпаведныя інстанцыі. А вось жыхарка дома № 15 па вуліцы Маладзёжнай паскардзілася на валакіту з афармленнем пашпарта шматкватэрнага дома, з-за чаго жыхары не могуць падключыць электраацяпленне. Традыцыйнае пытанне ўзнялі малаказдатчыкі: кіраўніцтва КУСГП “Ульскі не разлічваецца своечасова за закупленае ад грамадзян малако, не выплачвае надбаўку. Пытанне было ўзята на кантроль.

Незвычайным стала пытанне забеспячэння дрывамі, якое задалі ў Мішкавічах: Задзвінскае лясніцтва Бешанковіцкага лясгаса некалькі месяцаў не можа выканаць заяўку. Мікалай Будневіч рэкамендаваў звярнуцца ў Шумілінскі лясгас ці райпаліўзбыт.

Актуальнасць з наступленнем халадоў набывае тэма пажарнай бяспекі, таму прафілактычныя гутаркі ў населеных пунктах сельсавета праводзіў супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзіслаў Барадулін. Яго галоўная просьба да вяскоўцаў – прывесці ў бяспечны стан пячное ацяпленне, паклапаціцца пра перадтопачны ліст. Участковы інспектар РАУС Уладзіслаў Кавалёнак нагадваў пра прафілактыку тэлефоннага махлярства і крадзяжы. Дырэктар ТЦСАН Таццяна Донюш расказвала пра сацыяльныя паслугі для пажылых грамадзян, запрашала на работу сацыяльных работнікаў.

Некаторыя пытанні насілі прыватны характар, заяўнікі звярталіся непасрэдна да кіраўнікоў раённых арганізацый, якія былі ў складзе рабочай групы.

Усе пытанні, якія ўзнялі вяскоўцы на сустрэчах, узяты на кантроль, будуць абагульнены і накіраваны на вырашэнне ў адпаведныя службы.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *