«У будучым ураджаі – і мая заслуга»
Надвор’е спрыяе работам на палетках. Сельгаспрадпрыемствы сеяць азімыя зерневыя культуры. А да гэтага ўносяцца ўгнаенні, вядуцца ворыва, дыскаванне, баранаванне.
У СФГ «Раднік» ужо ўзарана больш за 300 гектараў палеткаў. Усе яны на рахунку Аляксандра Кандакова, які працуе на МТЗ‑3022 з плугамі. Механізатар мае самы лепшы вынік у раёне па ворыве. «Працую ў гаспадарцы паўтара дзясятка гадоў, сам родам з Мішкавіч, – коратка расказаў пра сябе Аляксандр Кандакоў. – Узараў палеткі ў Парэччы, Мішкавічах, а таксама ў Андрэеве, дзе раней быў рапс. Плугі адразу захопліваюць 2,8 метра ў шырыню, глыбіня ворыва – 20 сантыметраў. Спраўляюся за дзень з 15-20 гектарамі. Рыхтую глебу для работы калегам, якія працуюць з культыватарамі і баронамі. Па роўнай, прыгожай апрацаванай зямлі потым ідзе сеялка. У такія хвіліны адчуваю, што ў будучым ураджаі ёсць і мая немалая заслуга».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

