Мір можна абараняць і добрымі справамі
Вучні Обальскай сярэдняй школы, якая з 2020 года носіць статус “Школы міру”, далучыліся да міжнароднай акцыі “Званы міру”.
Акцыя заклікае адмовіцца ад канфліктаў і жыць у згодзе і дружбе. Міратворцы перадавалі адзін аднаму ў рукі званочак, пад яго звон кожны павінен быў усвядоміць, наколькі важны мір на зямлі. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага Дня міру.
Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Шаўцова павіншавала ўсіх са святам. «Сёння мы яшчэ раз згадваем, як важна берагчы мір і жыць у згодзе, – адзначыла Людміла Васільеўна. – Дзякуй за вашы добрыя справы, удзел у патрыятычных мерапрыемствах. Сёння ёсць нагода задумацца, які крохкі мір, наколькі важнае і каштоўнае жыццё чалавека». Людміла Васільеўна павіншавала вучаніцу школы Алісу Грузневіч, якая нарадзілася ў Дзень міру 21 верасня.
У гэты святочны дзень у міратворцы былі прыняты сем вучняў школы. Патрыятычна і ўзнёсла гучала іх клятва – быць адданымі краіне, умацоўваць мір на малой радзіме.
Шмат цёплых слоў выказалі дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея дэпутат раённага Савета дэпутатаў Святлана Іванова, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах, дырэктар раённага турцэнтра Ірына Кулікава, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Казакова. Мір можна абараняць не толькі са зброяй у руках, але і добрымі справамі, удзелам у дабрачынных і патрыятычных акцыях, а сіла чалавецтва не ў зброі, а ў дыялогу і дыпламатыі, уменні разумець адзін аднаго, адзначалі выступоўцы.
Падчас квэст-гульні “Мір ва ўсім свеце” яго ўдзельнікі вырабілі папяровых галубоў міру і размясцілі іх у школьным яблыневым садзе. Закончылася мерапрыемства песняй “Сонечны круг” і агульнымі гучнымі заклікамі “Мы – за мір!”.
З ГІСТОРЫІ
У 1981 годзе Генеральная Асамблея ААН аб’явіла трэці аўторак верасня днём умацавання ідэалаў міру. Праз дваццаць гадоў, у 2001 годзе, была зафіксавана дакладная дата – 21 верасня – як дзень усеагульнага прыпынення агню і адмовы ад насілля, да гэтага ААН заклікае ўсе краіны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.





